Большасць пытанняў вырашаецца станоўча, але ж…
24 кастрычніка прайшло чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якім абмяркоўвалася работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб сельвыканкамаў за 9 месяцаў гэтага года. Пасяджэнне правяла старшыня раённага Савета Ірына Новікава.
Для таго, каб па-сапраўднаму зразумець чалавека, трэба хаця б дзень пахадзіць у ягоных туфлях – выдатная алегорыя, якая ўмомант дае зразумець, што пранікнуцца чужымі праблемамі не так і проста. Але гэтая натуральная рыса асобна ўзятага чалавечага характару ніяк не павінна замінаць у рабоце, калі твае прафесійныя абавязкі якраз ў тым, каб вырашаць людскія праблемы. Не раздзяляць іх на важныя і няважныя, прыемныя і непрыемныя, тэрміновыя і не вельмі, не чакаць, што нейкія з іх раптам самі па сабе знікнуць – а вырашаць. Таму што такая работа. Таму што вырашаць іх усё роўна прыйдзецца – рана ці позна – толькі ўжо прафесійны аўтарытэт акажацца “падмочаным”, а давер – страчаным.
У раёне выпрацаваны механізм работы з людзьмі, дакладнае функцыянаванне якога павінна задаволіць чалавека на ўзроўні мясцовым, не вымушаючы яго звяртацца за дапамогай у вышэйстаячыя інстанцыі. Такіх пытанняў, якія б выходзілі за межы кампетэнцыі раённых службаў, людзьмі звычайна і не ўздымаецца. Проста чалавек, звярнуўшыся раз-другі ў раён, адчайваецца і піша ўжо, скажам, у аблвыканкам ці нават у Адміністрацыю Прэзідэнта. Але ніхто ніадкуль не прыедзе вырашаць яго праблемы, вырашаць іх прыйдзецца менавіта тым, хто да гэтага займаўся простымі адпіскамі.
Вядома, тут можна гаварыць пра аб’ектыўнасць некаторых зваротаў, пра магчымасці той ці іншай арганізацыі, улічваць некаторыя іншыя нюансы, але фармалізм і абыякавасць былі і застаюцца галоўнымі прычынамі збояў таго самага механізму. А гэта ў сваю чаргу дыскрэдытуе не толькі асобна ўзятую арганізацыю і яе кіраўніка, але і работу мясцовай улады ў цэлым. На гэта звярнула ўвагу І. М. Новікава ў ходзе работы. Яна адзначыла, што большасць пытанняў усё ж вырашаецца станоўча, але за 9 месяцаў гэтага года колькасць зваротаў грамадзян істотна ўзрасла.
158 зваротаў, якія паступілі за гэты перыяд года ў райвыканкам, складаюць 122,5% да адпаведнага перыяду мінулага года, падлічыла загадчык сектара са зваротамі грамадзян райвыканкама Любоў Казаравец. У райвыканкам паступіла ажно 23 калектыўныя звароты – гэта ў два разы больш, чым за адпаведны перыяд летась. У паўтара разы вырасла колькасць зваротаў у ЖКГ, вырасла іх колькасць у райспажыўтаварыства, па галіне аграпрамысловага комплексу гэта лічба складае 161,5%. Праўда, тут трэба ўлічыць, што большасць зваротаў у АПК тычыліся своечасовасці выплаты заработнай платы.
Нейкай праблемы агучыць сваё пытанне сёння перад чалавекам не стаіць. Прыёмы грамадзян, “прамыя лініі”, “гарачыя лініі”, дні работы з насельніцтвам, дні інфармавання – і гэта калі не ўспамінаць пра тое, што звярнуцца, вусна ці пісьмова, можна ў рабочым парадку ў любы момант. Ірына Мікалаеўна гаварыла пра недастатковы кантроль за вырашэннем пытанняў, якія ўздымаюцца на днях работы з насельніцтвам (15 з іх сёння застаюцца на кантролі, у 10-ці прапушчаны тэрміны выканання); пра тое, што некаторыя службы не рэагуюць на даручэнні, якія ім даюцца і тычацца іх кампетэнцыі; канстатавала, што многія работы праводзяцца няякасна – так, што потым трэба перарабляць і нанова ўкладваць грошы.
“За кожным зваротам стаіць чалавек са сваёй праблемай”, – звярнулася І. М. Новікава да прысутных. Яна дала магчымасць прадстаўнікам усіх службаў, за якімі ёсць “грашок” у выглядзе ўсё яшчэ актуальных зваротаў грамадзян, патлумачыць прычыны і агучыць тэрміны, неабходныя для станоўчага вырашэння пытанняў. Людзям патрэбны кантэйнерныя пляцоўкі і не патрэбны аварыйныя дрэвы і калоніі галак, што не даюць жыцця; ім патрэбны прыстойныя пад’езды да могілак і не патрэбны апавяшчэнні за паслугі ЖКГ на імёны памерлых грамадзян; патрэбны ліхтары на вуліцах і станцыя абезжалезвання і не патрэбны праблемы з водазабеспячэннем і выплатай грошай за цялят. Ніхто, як правіла, не патрабуе нечага завоблачнага.
Не пакідае адчуванне, што для таго, каб пазбегнуць гэтай народнай незадаволенасці, зусім неабавязкова арганізоўваць нейкую дадатковую работу з грамадзянамі, дастаткова таго, каб кожны на сваім узроўні быў павернуты да чалавека тварам. Калі некаму прасцей думаць, што гэта немагчыма, то можна звярнуцца за вопытам у ДРБУ №204 і пацікавіцца ў начальніка прадпрыемства Р. М. Насцюшкіна, як дарожнікам удаецца задавальняць просьбы людзей, не даводзячы сітуацыю да скаргаў.
Добра арганізавана работа са зваротамі грамадзян ў Обальскім сельвыканкаме, былі пытанні да старшыняў Дабейскага і Светласельскага сельвыканкамаў. Калі колькасць пытанняў у сельсавет знізілася, а ў райвыканкама узрасла, то ёсць пра што задумацца.
І. М. Новікава “прайшлася” па кожным без выключэння яшчэ не задаволеным звароце, дабілася агучвання канкрэтных тэрмінаў іх выканання. Яна выразна дала зразумець, што “забыцца” на некалі дадзеныя людзям абяцанні ніхто не дазволіць, што адпіскі тыпу “будуць грошы – зробім” сёння нікога не задаволяць, што выкананне кожнай службай сваіх прамых абавязкаў строга кантралюецца.
Таксама на прэзідыуме абмеркавалі вынікі выканання бюджэтаў першаснага ўзроўню за 9 месяцаў года, рацыянальнае выкарыстанне грашовых сродкаў і прыцягненне ў бюджэты дадатковых рэсурсаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.