Наш спакой – іх клопат
Яны гатовы ў любы час дня і ночы дакладна выконваць свае абавязкі, яны падтрымліваюць годную фізічную форму, пастаянна ўдасканальваюць свае навыкі, растуць прафесійна. Наш спакой, парадак на вуліцах горада, упэўненасць у тым, што цябе абароняць, выратуюць у самым крытычным выпадку – вынік зладжанай бездакорнай работы калектыву Шумілінскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
64 гады дэпартамент аховы дзейнічае ў краіне і 29 – у Шумілінскім раёне. І 29 кастрычніка – дзень, калі нарадзілася служба, – асаблівы для ўсіх работнікаў.
Гэта арганізацыя здзяйсняе комплексны падыход да пытання аховы: пачынаючы ад мантажу сістэм ахоўнай сігналізацыі, яе наладкі і тэхнічнага абслугоўвання да выезду па трывожным выкліку і затрымання злачынцы. Тут рыхтуюць спецыялістаў вартаўнічай службы і сочаць за тым, каб яны ў поўнай меры выконвалі свае абавязкі. Міліцыянеры групы затрымання займаюцца аховай грамадскага правапарадку на маршруце патрулявання. А побач заўжды – верны, службова-пошукавы сабака, які не проста сабака, а паўнапраўны член дружнага калектыву.
Дарэчы, сёння ахова ўтрымлівае чатырох сабак, з якімі працуюць прафесійныя міліцыянеры-кінолагі. Сабакі выдатна навучаны, абавязкова яны напраўляюцца ў спецыяльныя цэнтры падрыхтоўкі ў Мінск і Віцебск. І не дзіўна, што ў выніку побач з міліцыянерам – надзейны, прафесійны, паўнапраўны партнёр.
Адказны камандзір
Валерый Кузьмянок, камандзір аддзялення групы затрымання спецыяльнага падраздзялення міліцыі, старшы прапаршчык міліцыі, у ахове працуе ўжо 12 год. Ён адказны, сканцэнтраваны, выдатна выконвае ўсе пастаўленыя задачы.
У падначаленні Валерыя Пятровіча супрацоўнікі, якіх ён абучае, трэніруе і кантралюе. Наколькі аператыўна група затрымання рэагуе на выклік, ці правільна экіпіраваны супрацоўнікі, якую тактыку дзеяння на аб’екце выбіраюць – В. П. Кузьмянок дабіваецца таго, каб кожная секунда працавала на выдатны вынік.
Форма абавязвае
Інспектар-інжынер групы сродкаў і сістэм аховы старшы лейтэнант міліцыі Вячаслаў Ананьеў упэўнены, што паміж простым інжынерам і інжынерам-міліцыянерам вялікая розніца – ступень адказнасці зусім іншая. Форма абавязвае і дысцыплінуе. Асноўная задача маладога міліцыянера – устаноўка і абслугоў-ванне ахоўных сігналізацый у нашых дамах і на аб’ектах, іх тэхнічнае абслугоўванне, кантроль за іх работай. Вячаслаў вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на факультэце інфармацыйных тэхналогій. Работа хлопцу падабаецца, з абавязкамі сваімі спраўляецца выдатна.
Высокая ацэнка прафесіяналізму
Нядаўна каманда Шумілінскага АДА заняла I месца ў XIII абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, прысвечанага 100-годдзю міліцыі Беларусі. Каманда ў складзе міліцыянера-кінолага групы затрымання спецыяльнага падраздзялення міліцыі (ГЗ СПМ) старшага сяржанта міліцыі Аляксея Зубарава, міліцыянера-вадзіцеля ГЗСПМ старшыні міліцыі Міхаіла Быкава і сабакі Соні (на фота) праявілі на конкурсе ўсе свае магчымасці і здольнасці.
Трывожны сігнал – і праз некалькі хвілін супрацоўнікі аховы ўжо на месцы здарэння, магазін гэта, ваша кватэра ці прадпрыемства. Некалькі хвілін – і яны абавязкова дапамогуць. У гэтай службе важны кожны работнік: ад інжынераў, грамадзянскага персаналу, дзяжурных пульта кіравання, электраманцёраў, паставых міліцыянераў да спецыялістаў групы затрымання.
Мы шчыра віншуем усіх супрацоўнікаў аддзялення Дэпартамента аховы са святам. Жадаем моцнага здароўя, лёгкай службы і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.