Рейд в рамках акции «За безопасность вместе!»

Безопасность

Папярэдзіць трагічныя выпадкі
У мінулы чацвер у рамках рэспубліканскай акцыі па папярэджанні пажараў і гібелі людзей у іх “За бяспеку разам!” прайшоў рэйд па населеных пунктах Мішневіцкага сельсавета. У рэйдзе бралі ўдзел старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька,  інспектар нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксей Лявонаў, участковы інспектар РАУС Дзмітрый Зубараў і карэспандэнт раённай газеты.
“З кожным днём надвор’е ўсё халадней і халадней, – перад пачаткам рэйду зазначыла старшыня сельвыканкама. –  Зразумела, што людзі ў прыватных дамах усё больш і больш карыстаюцца грубкамі. Важна, каб пастаянна захоўвалася пажарная бяспека. Падчас рэйду наведаем шматдзетныя сем’і і сем’і, якія стаяць на кантролі, адзінокапражываючых. Не будзе лішнім наведаць і тых, хто злоўжывае спіртным”.
Аляксей Лявонаў падкрэсліў, што галоўная задача акцыі – прафілактычная. “Існуе прамая сувязь паміж злоўжываннем спіртных напояў і грэбаваннем элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі, – адзначыў інспектар нагляду і прафілактыкі РАНС. –  Жарты з агнём каштуюць вельмі дорага. Тут, напрыклад, металічнага ліста няма, там трэшчына пайшла, дзесьці дзверцы не зачыняюцца. Тут не можа быць дробязяў”.
Падчас рэйду рабілася абследаванне стану грубак, падказвалі, што можна зрабіць, каб не адбылося пажару, прыводзіліся прыклады нядбайнасці. Большасць з наведаных разумелі ўсю адказнасць, у першую чаргу, адказнасць перад сабой і сваімі роднымі.
Падчас мерапрыемства наведалі каля 20 дамоў у Мішневічах, Сураўнях, Андрэеўцы, Старыновічах, Заобалі і Жданоўцы. “У большасці гаспадароў з пажарнай бяспекай усё нармальна, – падсумаваў Аляксей Лявонаў. – А вось гаспадароў, да якіх былі пытанні, наведаем падчас наступнага рэйду, які пройдзе 1 лістапада”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *