З бацькавай навукай
Механізатара ААТ “Прыдзвінскі” Юрыя Анатольевіча Аўчыннікава цэняць у гаспадарцы за працавітыя рукі і шчырае сэрца. Не дарэмна ж калектыў прагаласаваў за вылучэнне ягонай кандыдатуры на раённую Дошку гонару.
Юрый Аўчыннікаў жыве ў Полькавічах. У свой час атрымаў механізатарскія правы ў вучэбна-вытворчым камбінаце, на вадзіцеля вывучыўся ў Ульскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Спачатку і працаваў вадзіцелем у мясцовым калгасе імя Ільіча. Але потым памяняць прафесію ўгаварыла кіраўніцтва гаспадаркі: на той час не хапала механізатараў. Спачатку было нязвыкла, кажа Юрый Анатольевіч, а потым прывык да механізатарскай работы. На розных трактарах Юрый Аўчыннікаў працуе дваццаць гадоў. Жартуе, што сёлета юбілей можна святкаваць. Аджылі сваё МТЗ-82, ім на змену прыйшлі энерганасычаныя МТЗ-1221. На такім магутным трактары і працуе зараз Юрый Анатольевіч. Кажа, што для механізатара работы заўсёды ўволю: і араць, і баранаваць, і сеяць. Гэтым прамудрасцям навучыўся яшчэ ў дзяцінстве ў бацькі Анатоля Кляменцьевіча, які быў перадавіком ў калгасе імя Ільіча. Вось так і працуе з бацькавай навукай за плячыма. У час нарыхтоўкі кармоў перасаджваецца на КВК-800. На гэтым кормаўборачным агрэгаце зараз убірае кукурузу.
Дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў называе механізатара рупліўцам і знаўцам механізатарскай навукі. Юрый Аўчыннікаў заслужыў такіх ухвальных слоў за гаспадарлівую жылку і працавітасць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
надрукавана ў №83 ад 21.10.2016 г.