150 год чыгуначнаму вакзалу ў Шуміліне

Актуалии Край шумілінскі

150 год чыгуначнаму вакзалу ў Шуміліне

Пад стук колаў робіцца гісторыя
6 кастрычніка ў Шуміліне адзначылі 150-годдзе адкрыцця руху па чыгунцы Полацк – Віцебск. Ва ўрачыстасцях бралі ўдзел кіраўніцтва раёна і Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, прадстаўнікі арганізацый і жыхары райцэнтра.
“5 кастрычніка 1866 года – лёсавызначальная дата для Шумілінскага раёна. Чыгунка з’явілася імпульсам для развіцця Шуміліна і навакольных тэрыторый. Значнасць гэтай падзеі складана пераацаніць. Чыгунка мае вялікае значэнне ў гісторыі і сучасным развіцці нашага раёна. Будынак вакзала цесна  звязаны з гісторыяй раёна. 23 чэрвеня 1944 года менавіта на ім быў узняты чырвоны сцяг, які азначаў вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Вакзал з’яўляецца помнікам архітэктуры і гісторыі. Менавіта таму тут здымаўся фільм “Чорная бяроза”, – сказала ў сваім выступленні падчас юбілейных урачыстасцяў старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. – Паток людзей на шумілінскім вакзале і яшчэ на трох станцыях і трох прыпыначных пунктах не спыняецца і зараз. Чыгунка – самы папулярны, зручны і танны  від транспарту”. Ірына Мікалаеўна выказала словы падзякі кіраўніцтву аддзялення чыгункі, за увагу да раёна, за тыя ўкладанні, якія робяцца ў абнаўленне будынкаў станцый, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый.
Намеснік начальніка Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Хомчанка нагадаў, што Дынабург – Віцебская чыгунка, рух па якой з Полацка да Віцебска быў адкрыты ў 1866 годзе, стала асновай Віцебскага аддзялення чыгункі, зараз гэта моцны калектыў, які аб’ядноўвае больш за дзевяць тысяч чалавек. Удасканальваецца тэхнічнае забеспячэнне чыгункі, паляпшаецца якасць іх работы. Ён выказаў падзяку калектыву станцыі Шуміліна за добрасумленную працу і кіраўніцтву раёна за клопат пра чыгуначнікаў і захаванне гістарычнай спадчыны.
Ветэраны-чыгуначнікі Тамара Кухарэнка і Уладзімір Жукаў узгадалі гады сваёй працы на дарозе, падзякавалі за клопат пра ветэранаў.
Завяршылася урачыстае мерапрыемства пад гукі духавога аркестра ўскладаннем кветак да помніка кіраўніку будаўніцтва чыгункі Паўлу Мельнікаву, які ўстаноўлены ля вакзала.
У зале чакання вакзала была прадстаўлена выстава Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея “Пад стук колаў гісторыя робіцца”. Музычныя нумары падрыхтавалі работнікі РЦК.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *