Антонина и Владимир Цветковы из Шумилино вырастили тонну тыквы

Общество

Тона гарбузоў – для кароў
Антаніна Пятроўна і Уладзімір Аляксандравіч Цвятковы з Шуміліна ў гэтым годзе на сваім агародзе вырасцілі каля тоны гарбузоў. А яшчэ ёсць неблагі ўраджай кармавых буракоў і бульбы. “Гэта для Лаймы і Васілісы – будуць есці ўсю зіму, – кажуць гаспадары. – А яны нас аддзячаць добрымі надоямі малака”.
Цвятковы трымаюць кароў  больш за трыццаць гадоў. Калі муж і жонка працавалі (яна – у таварыстве паляўнічых і рыбаловаў бухгалтарам, а ён – у ПМС вадзіцелем), то трымалі адну карову. А выйшлі на пенсію – завялі дзве. Іх купілі ў КУСГП “Мішневічы” і вельмі задаволены: каровы малочныя. Хаця і не без праблем: вельмі цяжка праходзяць ацёлы. Але па першаму званку на падворак Цвятковых прыязджаюць спецыялісты райветстанцыі. “Мы вельмі задаволены іх работай, – кажуць Цвятковы. – Участковы ветфельчар Святлана Аляксандраўна Окунева не адзін раз і лячыла нашых кароў і дапамагала з’явіцца на свет цялушкам і бычкам”.
Антаніна Пятроўна шчыра прызналася, што не ўяўляе свайго жыцця без гаспадаркі. “Напэўна, трымаць кароў – гэта спадчыннае, – кажа жанчына. – Мая маці сорак гадоў адпрацавала даяркай у Зямцах. Я, можна сказаць, вырасла на ферме. Таму з дзяцінства ўмею і даіць, і карміць, і даглядаць”.
З асаблівай цеплынёй расказвалі Цвятковы пра сваіх карміліц – Лайму і Васілісу. Гаспадары даўно падлічылі, што прыбытак ад кароў істотны. А гэта добрая падтрымка да пенсіі. Да таго, кожны год Лайма і Васіліса ”прыносяць” па цялятку. Маладняк Цвятковы здаюць на комплекс у ААТ “Лаўжанскае”. І сёлета засталіся задаволены арганізацыяй работы сельгаспрадпрыемства: прыехалі забралі цяля і грошы своечасова выплацілі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №74 ад 20.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *