Шумилинский лесхоз достойно встречает свой профессинальный праздник

Актуалии Экология Экономика

Шумілінскі лясгас: учора, сёння, заўтра

З гісторыі. У выніку рэарганізацыі Гарадоцкага, Полацкага, Бешанковіцкага лясгасаў 1 ліпеня 1998 года быў створаны  ДЛГУ “Шумілінскі лясгас”. У яго склад былі перададзены Казьянскае лясніцтва Гарадоцкага лясгаса, Обальскае лясніцтва  Полацкага лясгаса і Шумілінскае лясніцтва Бешанковіцкага лясгаса.  У склад ляснога фонду ўвайшлі землі калгасаў, саўгасаў і іншых землекарыстальнікаў. У 1999 годзе ў склад лясгаса было перададзена Мікалаеўскае лясніцтва Бешанковіцкага лясгаса.
У 2000 годзе на базе Казьянскага дзяржаўнага паляўнічага заказніка была створана паляўнічая гаспадарка лясгаса. Плошча паляўнічых угоддзяў склала 54,3 тысячы гектара, з іх лясных – 30 тысяч, палявых – 16,1 тысячы і водна-балотных – 8,2 тысячы. У 2000 годзе быў закладзены дэндрапарк на плошчы 8 гектараў.
Сёння ў склад Шумілінскага лясгаса ўваходзяць 6 лясніцтваў, 20 майстроўскіх участкаў, 69 абходаў. Працаваць у лясгасе і насіць зялёную форму ганарова і прэстыжна, лічаць тыя 254 чалавекі, якія працуюць у лясной гаспадарцы раёна.

Дырэктар лясгаса Ігар Яўгенавіч Папок расказвае: “Шумілінскі лясгас сёння – гэта 78557 гектараў лесу.  Галоўная мэта работнікаў лясгаса – захаванне высокапрадукцыйнага і якаснага ляснога фонду, які адпавядае сучасным экалагічным, сацыяльным і эканамічным патрабаванням. Нашы работнікі – прафесіяналы сваёй справы. Яны займаюцца вядзеннем лясной гаспадаркі, аховай ляснога фонду, рэалізацыяй дзяржаўных праграм і праектаў развіцця лясной гаспадаркі. Важнае месца ў рабоце займаюць лесааднаўленчыя работы на высечаных плошчах”.
У летнюю спёку на першы план выходзіць ахова лесу ад пажараў. З гэтай мэтай у лясгасе распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне лясных пажараў, спецыялізаванае падраздзяленне лясгаса мае на ўзбраенні  пажарную тэхніку, сродкі тушэння. На вышках устаноўлены сістэмы відэаназірання, з дапамогай якіх можна выявіць ачаг узгарання на ранняй стадыі і аператыўна лакалізаваць і ліквідаваць яго.
Лясгас –  буйное вытворчае прадпрыемства. “У сённяшніх умовах нам часам прыходзіцца нялёгка, – кажа Ігар Яўгенавіч. – Але заўсёды трэба думаць пра будучыню, пра перспектывы развіцця прадпрыемства. Зараз, каб утрымацца на знешніх і ўнутраных рынках, прыходзіцца шукаць пакупнікоў, падстройвацца пад заказчыка. Пры выкананні заявак на пастаўкі прадукцыі могуць памяняцца від і памеры піламатэрыялаў, спосаб і маршрут дастаўкі. Гэта стварае дадатковыя складанасці ў рабоце, але прыходзіцца ісці на ўступкі, каб не згубіць заказчыкаў.
Прыемна адзначыць, што Шумілінскі лясгас працуе стабільна. За студзень-жнівень гэтага года нарыхтавана драўніны па ўсіх відах высечак 58,1 тысячы метраў кубічных.  У гэтым годзе выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг склала 2221 тысячу рублёў, аб’ём экспарту лесапрадукцыі – 391,9 тысячы долараў.
Але для ўпэўненай работы ў будучым трэба развівацца, павялічваць вытворчасць прадукцыі, у тым ліку на экспарт. Мы плануем давесці аб’ём рэалізацыі прадукцыі не менш як да 300 000 рублёў ў месяц (для гэтага трэба адгружаць не менш за сто вагонаў лесу). У далейшым мяркуем павялічыць аб’ём нарыхтоўкі да 100 тысяч кубаметраў у год. У планах – купіць станкі для вытворчасці піламатэрыялаў на экспарт.
У наступным годзе плануем будаваць новы адміністрацыйны будынак Мішневіцкага лясніцтва, у Мікалаеўскім і Мішневіцкім лясніцтвах – гаражы, на тэрыторыі лясгаса ўзвядзем  новую цяпліцу для вырошчвання сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай. Мяркуем закупіць “Харвестар” і “Фарвардар” для правядзення высечак прамысловага карыстання”.
Ігар Яўгенавіч пахваліўся лепшымі сваімі работнікамі: ляснічы Казьянскага лясніцтва Уладзімір Мазейка сёлета ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь “Ганаровы лесавод”, ляснічы Мішневіцкага лясніцтва Андрэй Іваноў – нагрудным знакам “10 год бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”, граматай Міністэрства лясной гаспадаркі адзначаны памочнік ляснічага Шумілінскага лясніцтва Уладзімір Таліванаў, падзяку Міністэрства лясной гаспадаркі атрымаў ляснік Мішневіцкага лясніцтва Сяргей Гаўрылаў.
Ганаровымі граматамі Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання ўзнагароджаны ляснічы Шумілінскага лясніцтва Андрэй Калдуноў, бухгалтар Мікалаеўскага лясніцтва Таццяна Мясаедава, вальшчык Обальскага лясніцтва Мікалай Юрчанка.
“Хачу павіншаваць увесь калектыў Шумілінскага лясгаса з прафесійным святам, пажадаць работнікам прадпрыемства здароўя, дабрабыту, поспехаў у прафесійных справах”, –  сказаў І. Я. Папок.

У яго моцная каманда
Ляснічы Мішневіцкага лясніцтва Андрэй Віктаравіч Іваноў у адказе больш як за 12 тысяч гектараў лесу. “У мяне моцная каманда, з якой лёгка працаваць – леснікі, лесарубы, вальшчыкі, механізатары, вадзі-целі, – кажа Андрэй. – І поспех лясніцтва – наш агульны. З пачатку гэтага года на высечках прамежкавага карыстання нарыхтавалі 1670 кубаметраў драўніны. Сёлета пасадзілі 23 гектары лесу, у асноўным гэта елка, дуб, лістоўніца і бяроза”. Андрэй Віктаравіч улюбёны ў сваю прафесію, можна сказаць, жыве лесам.

Ад пагрузкі да выгрузкі
У А. Я. Галунцова шырокі круг абавязкаў: ад пагрузкі лесу ў кузаў магутнай машыны да выгрузкі ў вагоны на чыгунцы. Да драбніц, здаецца,  за трынаццаць гадоў работы вывучана кожная дзялянка. Але па-ранейшаму ў рабоце ёсць і навізна кожнага дня, і непаўторныя імгненні, лічыцьвадзіцель лесавоза лясгаса Анатоль Ягоравіч Галунцоў. Ну, узяць, да прыкладу, сённяшнюю работу: з 18 ліпеня шумілінскі вадзіцель дапамагае Чэрвеньскаму лясгасу на Міншчыне вывозіць лес з лесапавалаў. “Працуем па тыдні з маім напарнікам Уладзімірам Мельнікам, – расказаў Анатоль Галунцоў. – Звычайна ад лесу да чыгункі ў Жодзіне  за дзень прывожу па 150 кубаметраў лесу. Потым гружу яго ў вагоны. Работа для мяне прывычная – у мінулыя гады працаваў на бураломах у Бярэзіне і Чавусах”.

Галоўнае – дакладнасць
Таццяна Міхайлаўна Мясаедава адпрацавала бухгалтарам у Мікалаеўскім лясніцтве больш за дваццаць гадоў і добра памятае тыя часы, калі ўся бухгалтэрыя вялася ўручную, калі карысталіся толькі ручкай, паперай і лічыльнікамі. Сёння намнога работу аблегчыў камп’ютар, лічыць Таццяна Мясаедава, але ж па-ранейшаму галоўнае ў бухгалтарскай справе –  уважлівасць і яшчэ раз уважлівасць. Справаздачы трэба рабіць спакойна і ў добрым настроі – тады ўсё атрымаецца”.
Таццяна Міхайлаўна вельмі любіць сваю работу. Калі трэба, прыходзіць падсумоўваць балансы і ў выхадныя, і на бальнічным. Характар у жанчыны настойлівы: будзе працаваць дзень і ноч, але абавязкова прыйдзе да правільнага рашэння.

Ні хвіліны на месцы
Лес, як і чалавек, патрабуе да сабе ўвагі і догляду, лічыць майстар лесу Мікалаеўскага лясніцтва Дзяніс Маруцька. Не дагледзіш лясныя пасадкі – не вырасце добрае дрэва.
Дзяніс, можна сказаць, з дзяцінства марыў працаваць у сферы лясной гаспадаркі. І ішоў да сваёй мэты настойліва і паступова. Спачатку закончыў Полацкі лясны тэхнікум, а потым паступіў у Бранскую дзяржаўную інжынерна-тэхналагічную акадэмію. І сёння Дзяніс Маруцька – высокаква-ліфікаваны інжынер лясной гаспадаркі. “Працую на лесасеках і на адводах, – коратка расказаў пра сваю работу мужчына. – У маім падпарадкаванні 6 вальшчыкаў і 2 лесарубы”.

Справа тэхнікі
На змену бензапіле “Дружба” ў лясную гаспадарку прыйшла сучасная тэхніка: “Харвестары” і “Фарвардары”. І не паўстае пытанне, як пагрузіць ці вывезці лес. “Гэта справа тэхнікі, – усміхаецца аператар “Фарвардара” Андрэй Лабоўкін. –  Працую на лесанарыхтоўчай машыне. Яна ідзе па дзялянцы і моцнай “рукой” захоплівае дрэвы і складвае на прычэп. Вывожу бярвенні з лесу, складваю ў штабелі. Кожны дзень на маім рахунку па 100-150 метраў кубічных лесу”. Андрэй расказаў, што прыйшоў працаваць у лясгас адразу пасля тэрміновай ваеннай службы, і вось ужо дзевяць гадоў на адным месцы. Работа падабаецца. Поўны сіл і энергіі, хлопец кажа, што і свой план выконвае, і суседзям дапамагае. А суседзямі Андрэй назваў Чэрвеньскі лясгас, куды зараз адкамандзіраваны на ліквідацыю буралому.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 16.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *