Дзень беларускага пісьменства ў Шуміліне

Актуалии Культура

“Ён душой пакутаваў за лёс беларускага слова”
Да маштабных святкаванняў Дня беларускага пісьменства далучылася і Шуміліншчына. 4 верасня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, прысвечанае памяці славутага земляка Алега Салтука. Імпрэзу прымеркавалі да 70-годдзя з дня нараджэння паэта.
Дзяліць радзіму з песняром – пачэсна і вельмі адказна. Ты разумееш, што дыхаеш адным з ім паветрам, што натхняе і радуе цябе адна і тая ж лістота пад нагамі, тое ж неба і той жа ўсход. Ты заўважаеш больш, больш адчуваеш. Ён раскрыў для цябе ўсе яркія фарбы, падарыў нагоду бачыць тое, чаго раней, магчыма, ты і не заўважаў. І ён для цябе аўтарытэт. Яму богам наканавана весці за сабой, сказаць так, каб паверылі.
“Кожнаму свайму вершу Алег Салтук аддаваў частачку свайго сэрца. Дзякуючы гэтай сардэчнай болі чалавек і становіцца паэтам”, — заўважыў пісьменнік, саратнік і аднадумца паэта Мікалай Мароз, выступаючы перад гасцямі. Ён расказаў пра Алега Уладзіміравіча як пра чалавека цікавага, неардынарнага і справядлівага, чалавека, апантанага беларускасцю, які душой пакутаваў за лёс беларускага слова і ніколі яму не здраджваў. “Алег любіў і шанаваў сям’ю, лічыў, што сям’я – аснова жыцця. Не любіў ніякай здрады. Ён заўжды мяне падтрымліваў, і за гэта я яму вельмі ўдзячны”, — гаварыў Мікалай Аркадзьевіч.
Чалавека, паэта, сапраўднага сына сваёй зямлі нядаўна не стала. Ад гэтага вельмі сумна. Разам з ім не стала яшчэ аднаго ўдалага паэтычнага вобраза, яшчэ адной непаўторнай метафары, яшчэ адной цёплай сустрэчы з землякамі. На гэта пабяднела жыццё сучасніка, і ён сумуе. Гэты сум – у рэпліках, успамінах, выступленнях. Усе, каму давялося пры жыцці сустракацца з Алегам Салтуком, адзначалі яго просты характар і нават сціпласць. Усе, хто трымаў у руках зборнікі вершаў паэта, абавязкова знайшлі там радкі пра сябе. Ён такі ж як мы, ён нас разумее. “Тут усё пра мае жыццё”, — цытуючы паэта, са слязамі на вачах заўважала Таісія Фамянок. Шмат адкрыў для сябе ў творчасці земляка Анатоль Міхееў.
Пакінуўшы нас фізічна, Алег Салтук заўжды застанецца з намі ў сваёй творчасці – такі бонус, незгаральны скарб. І мы як нашчадкі абавязаны зберагчы гэту спадчыну, гэта патрэбна нам, нашым дзецям і ўнукам.
Пра распачаты Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем праект “Таленты зямлі Шумілінскай” расказала дырэктар музея Святлана Іванова. Яна прадставіла Алу Казлоўскую, жанчыну, якая кожную значную падзею адзначае вышыванкай. І ў гэты раз – новая вышытая карціна “Слова беларускае – вечнае”, на якой – імёны ўсіх знакамітасцяў шумілінскай зямлі. І сімвалічнае пустое месца – для новых імёнаў, новых талентаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *