Храмы, музеі і экскурсія на катэры
Кожны год прафсаюзная арганізацыя УП ЖКГ арганізоўвае для работнікаў прадпрыемства розныя паездкі і экскурсіі. Вось і нядаўна група з 47 чалавек вярнулася з Вялікага Ноўгарада.
“Думаецца, паездка ўсім спадабалася, – кажа старшыня прафсаюзнай арганізацыі камунгасу Таццяна Лявонава. – Палову кошту білета сваім работнікам мы аплацілі за кошт прафсаюза. Разам з намі на экскурсію ў Вялікі Ноўгарад ездзілі некалькі чалавек з райбальніцы, вытворчага цэха ААТ “Малако” і ПМК-70.
Шумілінцы наведалі Наўгародскі крэмль – крэпасць Вялікага Ноўгарада, размешчаную на беразе ракі Волхаў, палюбаваліся знакамітым помнікам “Тысячагоддзе Расіі”, наведалі мясцовыя цэрквы і саборы. Усім спадабалася экскурсія на караблі па рацэ Волхаў. Пабывалі шумілінцы ў Свята-Юр’еўскім мужчынскім манастыры і Мікола-Вяжышчскім жаночым манастыры. Дарэчы, ля апошняга ёсць так званы ўзгорак здароўя: згодна з легендай, яго стварыў манах, які кожны дзень насіў туды па жмені зямлі. Кажуць, што той, хто дакранецца да гэтага ўзгорка, абавязкова будзе здаровым. Шумілінцы таксама набраліся там здароўя на доўгія гады.
“А яшчэ ўсім вельмі спадабаўся музей драўлянага дойлідства Вітаслаўліцы, – расказала інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела камунгаса Вольга Піліпёнак. – У музеі каля трыццаці розных збудаванняў: храмы, каплічкі, купецкія дамы, гаспадарчыя пабудовы. Прычым, тут добра папрацавалі рэстаўратары, якія па драбінках аднавілі старадаўні інтэр’ер і элементы быту. Уся тэрыторыя музея нагадвае рускую народную казку, перадае атмасферу старажытнай рускай веры ў перамогу дабрыні над злом. Гэты прыгожы музейны комплекс стаў месцам правядзення розных мерапрыемстваў і свят. Усім сваім знаёмым, хто не быў у Вялікім Ноўгарадзе абавязкова раю наведаць гэты старажытны горад – уражанні будуць незабывальныя”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2016 г.