Дапамога для мнагадзетных сем’яў
На пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая прайшла 30 жніўня, былі разгледжаны два пытанні. Па прапанове дэпутата райсавета начальніка фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнкі дэпутаты зацвердзілі змяненні ў раённым бюджэце. За кошт паступлення датацыі з абласнога бюджэту і бюджэтнага крэдыту была павялічана даходная частка бюджэту і, адпаведна, расходная. Таксама было праведзена пераразмеркаванне сродкаў па асобных артыкулах бюджэту. У прыватнасці, выдзелена 300 тыс. рублёў на завяршэнне рэканструкцыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Шуміліне.
З прапановай па сацыяльнай падтрымцы мнагадзетных сем’яў да 2016/2017 навучальнага года выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла сесію, заклікала падтрымаць выдзяленне аднаразовай сацыяльнай дапамогі мнагадзетным сем’ям, якія маюць трох і больш дзяцей. “Сем’ям будзе выдзяляцца дваццаць пяць рублёў на кожнае дзіця, якое вучыцца ў агульнаадукацыйных ці сярэдніх спецыяльных установах адукацыі. Сума невялікая, але дапаможа “закрыць” пэўныя выдаткі пры падрыхтоўцы дзяцей да школы, – адзначыла Ірына Мікалаеўна. – Заявы на аказанне дапамогі будзе прымаць Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насель-ніцтва да 15 верасня, пасля абагульнення заяў і вызначэння неабходнай сумы адрасная дапамога будзе пералічана праз паштовыя аддзяленні”. Дэпутаты аднагалосна падтрымалі гэтае рашэнне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.