Тэма тыдня: Адукацыя: вынікі і перспектывы

Актуалии Тема недели

Уступная кампанія ў Беларусі прайшла зладжана

У Беларусі ўступная кампанія прайшла зладжана, фактаў карупцыі не выяўлена. Аб гэтым заявіла намеснік прэм’ер-міністра, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2016 годзе Наталля Качанава.

Віцэ-прэм’ер адзначыла, што кантроль ажыццяўляўся на ўсіх этапах уступнай кампаніі: ад цэнтралізаванага тэсціравання да залічэння ва ўстановы адукацыі. Было задзейнічана ў гэтай рабоце 1 955 чалавек, з іх 203 — супрацоўнікі КДК, якім Наталля Качанава выказала асаблівую ўдзячнасць за работу па кантролі за ходам уступнай кампаніі.

Дзейнасць камісіі ажыццяўлялася на прынцыпах адкрытасці, галоснасці, падкрэсліла яе старшыня. Дзяржкамісія кантралявала дастаўку, захоўванне, забеспячэнне сакрэтнасці матэрыялаў, рэжым пропуску і ідэнтыфікацыі асобы ўдзельнікаў ЦТ, умовы работы з тэстамі ў кожнай з 1 614 аўдыторый 41 пункта тэсціравання па ўсіх 15 агульнаадукацыйных прадметах. Для 797 абітурыентаў, якія па аб’ектыўных прычынах не змаглі прыняць удзел у ЦТ у асноўныя дні, было арганізавана тэсціраванне ў рэзервовы дзень. Асаблівая ўвага ўдзялялася ўступным іспытам непасрэдна ва ўстановах адукацыі: праводзіліся такія традыцыйныя мерапрыемствы, як кантроль падрыхтоўкі і правядзення экзаменаў, удзел у шыфроўцы і дэшыфроўцы работ абітурыентаў, у разглядзе апеляцый і г.д.

У бягучым годзе ўстановы адукацыі скончылі 57,4 тыс. чалавек. ЦТ праходзілі 98,6 тыс. чалавек, уступныя іспыты ва ўстановы вышэйшай адукацыі здавалі 18,7 тыс. чалавек, у ССНУ — 14,2 тыс. юнакоў і дзяўчат.

На гарачую лінію паступіла 64 звароты ад абітурыентаў і бацькоў — Качанава

На гарачую лінію паступіла 50 вусных і 14 пісьмовых зваротаў ад абітурыентаў і бацькоў. У асноўным яны мелі кансультацыйны характар.

Віцэ-прэм’ер адзначыла, што колькасць зваротаў зменшылася ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Наталля Качанава растлумачыла гэта высокім узроўнем растлумачальнай работы, у тым ліку ў СМІ.

«Прапаноў, якія патрабавалі б унясення змяненняў у правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ, не паступала», — сказала яна. Па кожным звароце былі аператыўна дадзены растлумачэнні і прыняты неабходныя меры рэагавання.

«У аснове было аказанне дапамогі абітурыентам і бацькам», — падкрэсліла старшыня Дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У якасці прыкладу яна прывяла зварот, што датычыўся дзяўчыны, якая атрымала траўму ў час скачка з парашутам. «Вядома, яна не магла з’явіцца на ЦТ з такой траўмай. Камісія дазволіла ёй здаваць унутрывузаўскія экзамены. Мы прапануем унесці такую карэкціроўку — каб улічвалася не толькі наяўнасць даведкі УКК», — адзначыла Наталля Качанава.

У перыяд уступнай кампаніі тэлефоны гарачай лініі працавалі на базе рабочай групы дзяржкамісіі і абласных камісій.

Адказваючы на пытанні журналістаў, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, намеснік старшыні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Раіса Саўрыцкая праінфармавала, што ў гэтым годзе не было зваротаў ад грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія паступаюць у беларускія ўстановы адукацыі.

Фактаў карупцыі ў час уступнай кампаніі выяўлена не было — Качанава

«Фактаў карупцыі, як і ў мінулым годзе, выяўлена не было», — сказала Наталля Качанава.

У той жа час, паводле яе слоў, былі некаторыя парушэнні, якія ў цэлым не паўплывалі на ход уступнай кампаніі. Напрыклад, Гомельскі філіял Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» прымаў абітурыентаў, якія скончылі сярэднюю спецыяльную ўстанову, на скарочаную форму навучання на спецыяльнасці, навучальныя планы якіх не адпавядаюць навучальным планам спецыяльнасцей, атрыманых імі ў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Напрыклад, размова ідзе аб паступленні на «правазнаўства» пасля заканчэння «цырульніцкай справы».

Такая сітуацыя магчыма ў выпадку атрымання другой вышэйшай адукацыі, удакладніла намеснік прэм’ер-міністра.

«Рабочая камісія сур’ёзна вывучала прычыны ўзнікнення гэтых парушэнняў, былі прыняты меры, вінаватыя прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці», — адзначыла Наталля Качанава.

У абітурыентаў на цэнтралізаваным тэсціраванні было 292 нулявыя рэзультаты — Качанава

Віцэ-прэм’ер асабліва адзначыла, што абітурыенты атрымалі 309 максімальных рэзультатаў — 100 балаў (у мінулым годзе было 277 найвышэйшых ацэнак). Прычым тры абітурыенты па ўсіх трох тэстах атрымалі 100 балаў, з іх два — выпускнікі бабруйскай гімназіі. «Амаль 80 працэнтаў абітурыентаў, якія атрымалі 100 балаў па двух прадметах, — выпускнікі ўстаноў адукацыі, размешчаных у рэгіёнах, — з задавальненнем канстатавала Наталля Качанава. — Гэта сведчанне таго, што ўзровень ведаў вучняў даволі высокі, калі ў школе, гімназіі, ліцэі працуюць моцныя педагогі».

Паводле яе слоў, рэзультаты ЦТ — зрэз работы педагагічных кадраў.

Цэнтралізаванае тэсціраванне праходзілі 98 тыс. 537 чалавек. Адхілены за парушэнні 15 абітурыентаў (за наяўнасць мабільных тэлефонаў і шпаргалак).

Тэсты адпавядаюць школьнай праграме — Качанава

Віцэ-прэм’ер адзначыла, што асабіста азнаёмілася з заданнямі тэстаў на прадмет адпаведнасці іх школьнай праграме (інфармацыю прадставіла Міністэрства адукацыі) і пераканалася ў гэтым.

«Сапраўды, часам нават залатыя медалісты паказваюць невысокі рэзультат на ЦТ. Але гэта не сведчыць аб тым, наколькі складаныя заданні тэстаў», — дадала Наталля Качанава. Што датычыцца перспектывы ўскладнення або спрашчэння тэстаў, то гэта будзе праходзіць адначасова са змяненнем навучальных праграм.

Наталля Качанава адзначыла, што часам бацькі сумняваюцца ў тым, наколькі ацэнка адпавядае таму, як іх сын або дачка справіліся з тэставымі заданнямі. «У мінулым годзе быў адзін зварот ад бацькоў з просьбай паказаць работу, у гэтым годзе такіх зваротаў не было», — сказала старшыня дзяржкамісіі.

Яна расказала аб сваім наведванні лінгвістычнага ўніверсітэта, калі ў час сустрэчы з абітурыентамі прагучала, што для паступлення ў ВНУ патрэбны дадатковыя заняткі па замежнай мове, каб здаць ЦТ на высокую ацэнку. «Навучанне ў профільных класах якраз нацэлена на тое, каб адысці ад рэпетытарства», — сказала Наталля Качанава.

У Беларусі ўдасканаляць структуру ЦТ

Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

«Тэсты мы, зразумела, будзем удасканальваць. Пасля таго як добра будзе ўкаранёна профільнае навучанне, у ЦТ з’явіцца дадатковая частка С для профільных класаў», — сказаў Міхаіл Жураўкоў. Гэту трэцюю частку тэста абітурыенту будзе неабходна выканаць пры паступленнi на спецыяльнасцi, дзе вывучаемы на павышаным узроўні прадмет будзе профільным.

Паводле слоў міністра, сёння тэсты разлічаны на ўсіх абітурыентаў — і тых, хто вельмі добра ведае прадмет, і тых, хто слабейшы. У тэстах ёсць як стандартныя заданні, так і павышанай складанасці ў рамках школьнай праграмы. Калі ў ЦТ не будзе складаных заданняў, усе будуць здаваць тэсціраванне на 100 балаў, што прывядзе да вялікай колькасці пытанняў.

Яшчэ адна навацыя, якая плануецца да ўвядзення з наступнага года, — магчымасць здачы ЦТ адразу па чатырох прадметах. Таксама чакаецца, што сертыфікаты па ЦТ будуць сапраўднымі на працягу двух гадоў. Гэтыя новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць пасля ўступлення ў сілу адпаведнага ўказа. Цяпер ён знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Гэтыя меры пашыраць магчымасці маладых людзей пры паступленні.

Абітурыенты ў Беларусі з 2017 года змогуць выкарыстоўваць сертыфікаты ЦТ на працягу двух гадоў

Міністр растлумачыў, што гэта новаўвядзенне пачне дзейнічаць пасля ўступлення ў сілу адпаведнага ўказа. «Гэта датычыцца абітурыентаў, якія ў 2017 годзе здадуць ЦТ. Іх сертыфікаты будуць сапраўдныя на працягу двух гадоў», — сказаў ён. Такія меры пашыраць магчымасці маладых людзей пры паступленні.

Яшчэ адна навацыя, якая плануецца да ўвядзення з наступнага года, — магчымасць здачы абітурыентамі пры паступленні ў ВНУ ЦТ па чатырох прадметах. Гэта аблегчыць выбар паміж блізкімі спецыяльнасцямі, пры паступленні на якія трэба здаваць розныя прадметы ў якасці другіх профільных.

Як дадала намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава, усе названыя новаўвядзенні адобраны Міністэрствам адукацыі і абмяркоўваліся на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.

Таксама віцэ-прэм’ер звярнула ўвагу на тое, што многія маладыя людзі «пасля здачы ЦТ пачынаюць шукаць, куды прайсці б са сваімі прахаднымі баламі». «Важна, каб, выбраўшы спецыяльнасць, малады чалавек ішоў да намечанай мэты, зыходзячы са сваіх патрэбнасцей — не падладжваючыся пад балы, а з улікам таго, кім ён хоча стаць», — рэзюмавала Наталля Качанава.

Качанава: трэба ўзмацніць санітарна-гігіенічныя патрабаванні да аўдыторый, дзе праходзіць ЦТ

Віцэ-прэм’ер адзначыла, што да 1 верасня кіраўніку дзяржавы будзе прадстаўлена справаздача аб правядзенні ўступнай кампаніі і прапановы па яе ўдасканаленні.

«У прыватнасці, прапануем узмацніць санітарна-гігіенічныя патрабаванні да аўдыторый, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. Кліматычныя ўмовы ў дзень правядзення іспытаў бываюць розныя, але ў любым выпадку абітурыентам павінна быць камфортна. Значыць, патрэбны нарматывы, і яны павінны быць вытрыманы (у тым ліку размова ідзе аб наяўнасці пітной вады ў аўдыторыях)», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна таксама лічыць неабходным вызначыць парадак выхаду абітурыентаў з аўдыторыі, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. «І работнікі камісіі, і абітурыенты павінны дакладна ведаць, як і па якой прычыне малады чалавек можа пакінуць аўдыторыю», — растлумачыла Наталля Качанава.

Плата за навучанне фарміруецца зыходзячы з рэальных затрат — Качанава

У Беларусі плата за навучанне ў ВНУ і ССНУ фарміруецца зыходзячы з рэальных затрат установы адукацыі. Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што пры фарміраванні кошту навучання закладваецца мінімальная рэнтабельнасць. «Вясной многія ВНУ нязначна ўзнялі плату за навучанне. Цяпер ва ўніверсітэтах кошт навучання ў сярэднім складае Br1,9 тыс. з улікам дэнамінацыі», — сказаў кіраўнік ведамства, дадаўшы, што аплата за навучанне — прэрагатыва ВНУ, рэктар поўнасцю адказвае за яе фарміраванне.

«Патрабаванне кіраўніка дзяржавы заключаецца ў тым, што аплата не павінна быць ніжэйшая за затраты на навучанне студэнта-платніка, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў. — Павышаць плату за навучанне мы не маем намеру — ва ўсякім разе, мы не будзем падтрымліваць рэктараў, калі яны цяпер будуць выходзіць з такой ініцыятывай».

Качанава: праблем з камплектаваннем першых курсаў ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці не ўзнікла

Намеснік прэм’ер-міністра, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2016 годзе Наталля Качанава адзначыла, што ў гэтым годзе ніякіх праблем з камплектаваннем першых курсаў педагагічных ВНУ не было — прычым як на бюджэтную, так і на платную формы навучання. Разам з тым, дадала яна, «западалі» спецыяльнасці для лёгкай прамысловасці, як і ў мінулым годзе. Былі пэўныя праблемы з запаўненнем месц ва ўстановах адукацыі, якія рыхтуюць кадры для машынабудавання. У мінулым годзе быў скарочаны прыём будучых юрыстаў і эканамістаў — пад дыктоўку рынку працы. А вось папулярнасць прафесій повара, кандытара паступова расце.

«Шмат чаго залежыць ад самой установы адукацыі, ад узроўню ведаў, які яна дае, а таксама ад аснашчэння і абсталявання. У гэтым — залог поспеху», — лічыць Наталля Качанава.

Ідзе работа над аптымізацыяй сеткі ўстаноў адукацыі.

«Прыярытэты ў маладых людзей, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі змяняюцца, — сказала Наталля Качанава. — Хацелася б, каб прафарыентацыйная работа ў школах максімальна садзейнічала таму, каб маладыя людзі выбіралі будучую прафесію ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, магчымасцямі, жаданнямі, а таксама з улікам развіцця рынку працы. Шмат чаго залежыць і ад пазіцыі бацькоў».

Школы Беларусі поўнасцю ўкамплектаваны настаўнікамі

«Дэфіцыту кадраў няма, мы поўнасцю ўкамплектавалі ўсе школы, у тым ліку ў Мінску. Мінулыя гады найбольшы дэфіцыт у педагагічных кадрах назіраўся ў сталіцы. У бягучым годзе Мінск добра папрацаваў: набралі новых педагогаў, прыцягваюць да навучальнага працэсу студэнтаў старшых курсаў — гэта таксама добра, гэта своеасаблівая педагагічная практыка», — сказаў Міхаіл Жураўкоў. Усяго ў гэтым годзе ўпершыню пачнуць працаваць больш як 5 тыс. педработнікаў.

Што датычыцца дэфіцыту месц у школах новых мікрараёнаў, то глабальнай праблемы ў гэтым плане няма. У асноўным гэта датычыцца дашкольных устаноў. У некаторых школах ёсць крыху перапоўненыя класы. Гэта выклікана тым, што будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў крыху адстае ад узвядзення жылых комплексаў. «Мы на гэта пастаянна ўказваем мясцовым органам улады, каб яны трымалі ў прыярытэце будаўніцтва школ, дзіцячых садоў, каб не было сацыяльнай напружанасці ў новых мікрараёнах», — адзначыў міністр адукацыі.

Міхаіл Жураўкоў таксама пракаменціраваў сітуацыю адносна аптымізацыі колькасці школ. Закрыццё ў абсалютнай большасці выпадкаў датычыцца малакамплектных устаноў адукацыі, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. «Мы вельмі сур’ёзна працуем з гэтымі пытаннямі і пастаянна нацэльваем мясцовыя органы ўлады, каб яны вялі растлумачальную работу з насельніцтвам», — сказаў ён. Размова ідзе аб тым, што неабходна паказваць бацькам і іх дзецям новыя школы, дзе апошнія будуць навучацца, умовы, якія там створаны, расказваць аб педагагічным калектыве, а таксама абавязкова вырашаць такія пытанні, як падвоз дзяцей, арганізацыя іх навучання і адпачынку пасля навучальных заняткаў.

Міністр адукацыі дадаў, што ў гэтым годзе вядзецца капітальны рамонт многіх сельскіх школ.

Усе падручнікі ў Беларусі плануюць перавыдаць да 2020 года

«Да 2020 года ўсе падручнікі, а іх каля 200, будуць перавыдадзены. Сёння (над стварэннем падручнікаў. — Заўвага БЕЛТА) працуюць аўтарскія калектывы, якія выйгралі па конкурсе права на распрацоўку гэтых падручнікаў, плюс туды ўключаны педагогі са стажам, педагогі кваліфікаваныя, дасведчаныя», — сказала Наталля Качанава.

Што датычыцца базавых падручнікаў, то такіх у гэтым годзе ўжо выдадзена два. Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра, яны сапраўды добрай якасці, цікавыя, лёгкія для ўспрымання.

Таксама ідзе ўдасканаленне вучэбных праграм.

Качанава: разглядаюцца варыянты стымулявання педагогаў, уключаючы маладых спецыялістаў

Віцэ-прэм’ер адзначыла, што «ўсе варыянты трэба падлічыць, прааналізаваць, каб рашэнні былі эканамічна выверанымі».

Адно з новаўвядзенняў датычыцца «разняволення» педагогаў у іх імкненні зарабляць на развіцці пазабюджэтнай дзейнасці. «Тут не патрабуюцца фінансавыя затраты з бюджэту. Разам з тым гэта дасць магчымасць спецыялістам атрымліваць грошы за аказанне дадатковых паслуг у сваёй жа школе, а не падзарабляць недзе на баку», — растлумачыла Наталля Качанава.

«Прапановы паступаюць розныя, у тым ліку ад Міністэрства адукацыі. Гаварыць пра іх больш канкрэтна заўчасна, паколькі рашэнні яшчэ не прыняты», — сказала віцэ-прэм’ер.

Мінадукацыі вітае загранічныя стажыроўкі студэнтаў як элемент якаснай адукацыі

«Студэнты павінны больш атрымліваць практыкі. Яна бывае розная ў залежнасці ад спецыяльнасці. Студэнты маюць магчымасць выехаць у тым ліку за мяжу ў ВНУ, каб прайсці там пэўную практыку», — сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Іншая справа, што з боку некаторых студэнтаў ёсць пэўныя хітрыкі, калі тыя самі знаходзяць сабе месца і, не інфармуюць дэканат, рэктара, выязджаюць на навучанне. Пасля вяртання аказваецца, што яны нідзе не ўлічаны, іх практыка не адзначана. «Трэба выконваць звычайныя правілы дысцыпліны пры афармленні практыкі. Ні адна ВНУ нармальнай практыцы не перашкаджае. Калі студэнт паспявае з акадэмічнай нагрузкай у сябе ва ўніверсітэце, калі ён нармальна навучаецца, калі практыка ўзгоднена з дэканатам, мы наадварот гэта вітаем», — адзначыў міністр.

З кожным годам у беларускіх універсітэтах павялічваецца колькасць сумесных з замежнымі ВНУ адукацыйных праектаў. Акрамя таго, у бягучым годзе значна павялічана колькасць спецыяльных курсаў і праграм на ўзроўні магістратуры з навучаннем на англійскай мове. Тут будуць навучацца як замежныя студэнты, так і беларускія па іх жаданні. Навучанне будзе адбывацца альбо цалкам на англійскай мове, альбо на замежнай мове будзе чытацца частка курсаў. Для гэтага запрашаюцца прафесары з замежных універсітэтаў, у тым ліку па праграмах «Эразмус», Tempus.

Жураўкоў: цікавасць школьнікаў і студэнтаў да вывучэння беларускай мовы ўзрастае

«Цікавасць да беларускай мовы ўзрастае не толькі ў школах, але і ва ўніверсітэтах», — сказаў Міхаіл Жураўкоў. Ён дадаў, што цяпер на вывучэнне рускай і беларускай мовы і літаратуры ў школах выдзелена аднолькавая колькасць гадзін.

У той жа час колькасць школ і класаў з навучаннем на беларускай мове ў гэтым годзе не павялічылася. У пытанні адкрыцця такіх класаў зыходзяць з жадання бацькоў, адзначыў міністр. «Мы не ідзём шляхам навязвання мовы навучання. Па заканадаўстве, калі бацькі хочуць, каб іх дзіця навучалася на беларускай мове, то сістэма адукацыі абавязана забяспечыць гэта. За гэтым мы строга сочым, каб не ўшчамляліся правы нашых грамадзян пры навучанні на той ці іншай дзяржаўнай мове», — сказаў Міхаіл Жураўкоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *