Обольский керамический завод выходит на проектную мощность

Актуалии Экономика

Завод выходзіць на поўную магутнасць
Некалькі гадоў пры падтрымцы бюджэту вобласці доўжылася мадэрнізацыя Обальскага керамічнага завода, якая ў канцы мінулага года нарэшце завяршылася. “З красавіка на заводзе вяліся пусканаладачня работы, – расказвае начальнік аддзела па камерцыйнай рабоце Аляксандр Манак. – Нам неабходна было дабіцца выпуску якаснай прадукцыі. Як толькі цэгла пайшла без браку, завод пачаў выходзіць на праектную магутнасць”. У ліпені выпуск прадукцыі дасягнуў праектных паказчыкаў : за суткі мадэрнізаваны цэх пачаў выпускаць 85,7 тысяч штук цэглы (за месяц – 2,570 мільёна штук цэглы).
Мадэрнізацыя дазволіла наладзіць выпуск новай прадукцыі, пашырыць яе асартымент. На сённяшні дзень завод выпускае пяць відаў цэглы, у бліжэйшы час асартымент павялічыцца да васьмі відаў. Найбольш запатрабаваная пакупнікамі цэгла керамічная паўнацелая, якая выкарыстоўваецца для кладкі грубак і камінаў, пустацелая абліцовачная прадукцыя і гліняны парашок для кладкі грубак і камінаў.
Зараз на заводзе праводзяць выпрабаванні цэглы на марозаўстойлівасць. Першыя іспыты паказалі, што цэгла вытрымлівае 75 цыклаў. Тэхнолагі ўпэўнены, што паказчык можна давесці да 100 цыклаў. І гэта стане сур’ёзным аргументам у канкурэнтнай барацьбе.
Зараз да 80% обальскай прадукцыі ідзе на ўнутраны рынак. “Зразумела, што за час, калі праводзілася мадэрнізацыя, мы згубілі расійскі рынак, – кажа Аляксандр Манак. – Але зараз мы выпускаем якасную цэглу менавіта тых відаў, якія запатрабаваны ў Расіі. Патэнцыйныя пакупнікі ўжо праяўляюць інтарэс да нашай прадукцыі. Мяркую, што ў хуткім часе завод будзе адпраўляць на экспарт да сямідзесяці працэнтаў прадукцыі”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №67 ад 26.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *