Выратаваў жыццё
Дзень 17 жніўня стаў для 62-гадовага жыхара аграгарадка Слабада днём другога нараджэння. І ўдзячны за гэта да канца сваіх дзён мужчына будзе земляку, работніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прапаршчыку ўнутранай службы Пятру Антонавічу Марчуку.
У той вечар Пётр Марчук пасля работы (ён працуе вадзіцелем пажарнага аварыйна-выратавальнага паста-12) накіроўваўся на агарод, калі ўбачыў на вадаёме суседняга ўчастка тонучага чалавека. Не раздумваючы, выратавальнік кінуўся ў ваду і выцягнуў вяскоўца без прытомнасці на бераг. Ведаючы дакладна, што і як трэба рабіць у падобных выпадках, правёў рэанімацыйныя дзеянні і выклікаў хуткую дапамогу. Адным словам, выратаваў.
Выратаваны быў перададзены брыгадзе хуткай дапамогі і шпіталяваны ў Шумілінскую ЦРБ у рэанімацыйнае аддзяленне. Зараз стан пацярпелага здавальняючы, не выклікае апасенняў. Пенсіянер расказаў, што на вадаём адправіўся, каб набраць вады для паліву, аднак паслізнуўся і ўпаў…
Якое шчасце, што побач з намі жывуць вось такія сапраўдныя мужчыны, як Пётр Марчук, якія ў надзвычайных сітуацыях, як і належыць прафесіяналам, не губляюцца, а імгненна прыходзяць на дапамогу. І, бывае, што нават дораць нам другое жыццё.
Алена КАРПУШЭНКА.
Правильно, что пишите про таких людей. Молодец!!!!!