Молодая семья из деревни Мостище

Молодёжь Семья

“Шчаслівы той, хто шчаслівы дома”
Звычайны вясковы дом. У шыбах, нібыта ў люстэрку, адлюстроўваюцца яблыкі і слівы. Спелыя яблыкі ранніх гатункаў кранаюцца долу. Сакавітыя і крамяныя, яны, здаецца, пахнуць мёдам. І гэты яблычна-мядовы смак разліваецца па ўсяму наваколлю. “Вось за гэту прыгажосць, за чысціню паветра і люблю вёску”, – кажа Віталь Карасёў, які жыве ў в. Масцішча.
У Віталя вялікая сям’я: жонка Аксана, сын Мікіта, дочкі Яна і Юліяна. Яны – адзіная маладая сям’я ў Масцішчы. Вяскоўцы хваляць яе за працавітасць і дружнасць.
Віталь Карасёў і Аксана Стоцік жывуць разам восем гадоў. Першы шлюб Аксаны быў няўдалым – жанчына засталася адна з двума дзецьмі. І калі з Магілёва да знаёмых прыехаў Віталь і пачаў праяўляць знакі ўвагі да Аксаны –  жанчына палічыла гэта падарункам лёсу.
“А я проста вельмі закахаўся, – шчыра кажа Віталь. – І мяне зусім не пужалі  дзеці”. Лічу, што ў сямейных справах лепш давяраць толькі сабе і сваёй палове. Шчаслівыя пары вызначаюцца здольнасцю не падпарадкоўвацца агульнапрынятым законам. А калі кахаеш жанчыну, то знойдзеш агульную мову і з яе дзецьмі”. І Віталь знайшоў. Сёння ён не толькі гаспадар вялікай сям’і, але яшчэ і добры бацька, сябар і дарадца. Вельмі шчаслівы тым, што ў іх з Аксанай шэсць гадоў таму нарадзілася Юліяна. Маленькая дачушка згуртавала ўсю сям’ю, жыццё набыло новы і больш глыбокі сэнс.
Віталь родам з Магілёва, там працаваў вадзіцелем у абласным упраўленні МНС. А калі ажаніўся з Аксанай (яна працуе сацыяльным работнікам), перавёўся ў Обальскае падраздзяленне райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Маладая сям’я ўзяла крэдыт і купіла дом у Масцішчы. “Не, нас вёска зусім не пужае, – усміхаецца Аксана. – Я ж мясцовая, з Грудзінава, ведаю ўсю сялянскую работу. Ды і Віталь яе не цураецца.  Мы заўсёды разлічваем на свае сілы: працуем, трымаем хатнюю гаспадарку, вырошчваем садавіну-гародніну”.
Аксана і Віталь наперабой расказалі пра захапленні сваіх дзяцей: дзесяцігадовая Яна – выдатніца, яна спявае і грае на акардэоне, 11-гадовы Мікіта любіць майстраваць з дрэва, а шасцігадовая Юліяна ўмее лічыць па-англійску і вельмі задаволена сваім рукзаком, з якім пойдзе сёлета ў першы клас.
Бацькі і дзеці не ведаюць, што такое сум, адзінота і лянота. Яны ўсе разам часта ездзяць у Віцебск на каруселі, да сваякоў  у Магілёў, за ягадамі і грыбамі ў лес. І заўсёды любяць вяртацца ў свой утульны дом. “Шчаслівы той, хто шчаслівы дома, – кажа Віталь. – Мой сакрэт шчасця ў тым, што прымаю сваю сям’ю такой, якая яна ёсць. Ніколі не спрабаваў перарабіць жонку – па-першае, гэта немагчыма, а па-другое, не прынясе нікому радасці. Думаю, немалаважную ролю ў сямейным жыцці граюць даверлівыя і адкрытыя адносіны. У нашай сям’і няма страху прызнацца ў патаемным, боязі застацца незразумелым. Мы з Аксанай проста верым адзін аднаму. Напэўна, таму ў нашым доме і жыве шчасце”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *