Порах
У рамках раней узбуджанай крымінальнай справы па факту браканьерства ў доме аднаго з жыхароў раёна быў праведзены вобыск. Знойдзена і ліквідавана рэчыва, знешне вельмі падобнае на порах. Выбухова-тэхнічнай экспертызай было ўстаноўлена: знойдзенае рэчыва адносіцца да бяздымнага нітрацэлюлознага пораху прамысловай вытворчасці і з’ўляецца выбуховым рэчывам. Узбуджана крымінальная справа па арт.295, ч.2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “Незаконны выраб, набыццё, збыт, захоўванне, перасылка незаконнай зброі або боепрыпасаў да яе”. Мужчыну пагражаюць выпраўленчыя работы да двух гадоў або арышт да шасці месяцаў, або абмежаванне волі да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Мужчына затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.
Не паліце!
Мясцовы жыхар в. Слабада Лаўжанскага сельсавета запаліў смецце і пакінуў яго без нагляду. Агонь перакінуўся на сухую траву, адтуль – на лазню, якая поўнасцю згарэла. Выратавальнікі затушылі палаючую траву, гэтым самым выратавалі пяць жылых дамоў.
Тым часам дыспетчару райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіў званок: сухая трава, якая гарыць у Лескавічах, пагражае жылым дамам. Супрацоўнікі райаддзела тэрмінова былі адкліканы з выхадных і накіраваны ў Лескавічы. Агонь утаймавалі.
У гэты ж дзень тушылі траву ў Войлавічах. А на дзвюх пенсіянерак з в. Дубрава за развядзенне агню паблізу гаспадарчых і жылых пабудоў складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Браты
Кватэру жыхаркі райцэнтра абрабавалі. Па гарачых слядах міліцыянеры знайшлі злачынцаў. Імі аказаліся два браты пацярпелай, абодва раней судзімыя за крадзеж. А паквапіліся мужчыны на новы камплект штор, трохмятровы цюль і дзве бляшанкі эмалі. Супраць братоў узбуджана крымінальная справа.
Асуджаны
Жыхар райцэнтра два месяцы таму быў асуджаны да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Мужчыне трэба было з’явіцца туды два тыдні таму, але ён і не думаў туды прыязджаць. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу па арт.415 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі”.
ДТЗ
За студзень-сакавік бягучага года ў раёне адбылося 4 дарожна-транспартныя здарэнні (летась за аналагічны перыяд было 3), два чалавекі загінулі (у мінулым годзе абышлося без ахвяр), паранена 6 чалавек (летась было 5). Сёлета па віне нецвярозага вадзіцеля адбылося адно дарожна-транспартнае здарэнне.
Кювет
З прыёмнага пакою райбальніцы ў РАУС паведамілі пра дарожна-транспартнае здарэнне на аўтадарозе Прыазёрны-Непароты, ёсць пацярпелы. Як высветлілася, жыхар Віцебска, які ехаў на легкавым аўтамабілі, не справіўся з кіраваннем і на хуткасці з’ехаў у кювет. У выніку атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і пераломы. Пацярпелы знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. Падрабязнасці аварыі высвятляюцца.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №31 ад 26.04.2011 г