Дзе вы збіраеце дзяцей да школы?
Галіна Несцярэнка, а.-г Крывое Сяло:
– Школьную форму і абутак сваім двум сыночкам купляю ў асноўным у Віцебскім універмагу. За спартыўнай формай і красоўкамі ездзім на рынак у той жа Віцебск. Многія мае знаёмыя з Крывога Сяла, якія маюць уласныя легкавушкі, ездзяць апранаць дзяцей у Бешанковічы – ад нас недалёка, кіламетраў з дзесяць будзе.
Кацярына Собалева, а.-г. Мікіціха:
– Сваё дзіця апранаю і абуваю ў гарадскіх магазінах. Напрыклад, нядаўна купілі ў Полацку туфлі. Да адзення яшчэ не дайшла чарга. Ну, а канцылярскія вырабы можна купіць і ў нас ў Мікіцісе: шырокі выбар тавараў прапануе мясцовы “Міні-маркет”. Ручкі, фарбы, алоўкі, альбомы, пластылін можна купіць і ў магазіне райспажыўтаварыства.
Аксана Шульцас, а.-г. Мішневічы:
– Нашаму аграгарадку пашанцавала ў тым плане, што ёсць прамысловы магазін. Сюды да школьнага сезона прывозяць багата канцылярскіх вырабаў, можна падабраць і адзенне, і абутак. Напрыклад, сваёй дачцэ-трэцякласніцы купіла там прыгожы сарафан. Ну, а блузу, гольф і кеды мяркую купіць на шумілінскім рынку.
Вікторыя Сцепаненка, Шуміліна:
– За адзеннем звычайна едзем у Віцебск, бо дачцэ-старшакласніцы хочацца, каб яно было не толькі зручным, але яшчэ і модным. Ну, а заадно заходзім у “Глобус” ці “Светач” – у гэтых магазінах набываем контурныя карты, розныя дыдактычныя дапаможнікі па прадметах, а таксама канцылярскія вырабы.
Надзея Пузікава, Мікалаева:
– Мы апранаем дзяцей у Уле. Да яе рукой падаць, ходзім туды пешшу. У суседнім раёне добры магазін, мне вельмі падабаецца. Нядаўна, напрыклад, купілі туфлі вытворчасці “Марка”. Мы рады былі б наведаць і мясцовы магазін райспажыўтаварыства, дык там нічога не купіць: ні абутку, ні школьных касцюмаў. Хіба толькі сшыткі з ручкамі і алоўкамі ёсць. Добры выбар канцылярскіх тавараў нам прапануе мясцовае аддзяленне сувязі.
Аляксей Сініцын, Сіроціна:
– За пакупкамі ездзім у Віцебск. Дабрацца туды без праблем: рэйсавы аўтобус ходзіць кожны дзень, графік зручны.
Вольга Осіпава, Обаль:
– Своеасаблівай стратэгіі па зборы дзяцей у школу ў мяне няма. Калі ёсць выкрайка адпаведнага памеру, то сама шыю штаны, спадніцы, сарафаны. Ну, а ўсё астатняе купляем на полацкіх рынках.
Вольга Голубева, а.-г. Амбросавічы:
– У мяне чацвёра дзяцей: двое школьнікаў, студэнтка, а малодшы сынок ходзіць у дзіцячы сад. Так што збірацца да 1 верасня мы пачынаем загадзя. Сшыткі, ручкі, алоўкі, пластылін і альбомы для малявання купіла ў мясцовым магазіне. А вось за адзеннем паедзем у канцы жніўня на віцебскія рынкі.
Апытанне правяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №62 ад 09.08.2016 г.