Бяспека дзяцей. Калі трэба паездку адкласці
З пачатку года ў Віцебскай вобласці адбылося 12 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх адно дзіця загінула і дзевяць атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. З 10 пацярпелых 6 дзяцей, якія у момант аварыі былі ў аўтамабілях за пасажыраў.
У канцы сакавіка ў Глыбоцкім раёне адбылася аварыя, у выніку якой трое дзяўчат-шасцікласніц, якія вярталіся з экскурсіі, атрымалі траўмы. У сувязі з гэтым дзяржаўтаінспекцыя ўзмацніла кантроль за арганізаванай перавозкай груп дзяцей аўтобусамі. Арганізаванай лічыцца група колькасцю 8 і больш чалавек ва ўзросце да 16 гадоў. Пры гэтым дзеці, якіх суправаджаюць бацькі, не ўлічваюцца. Усе ў аўтобусе павінны сядзець. Стоячы ехаць нельга ні дзецям, ні дарослым. На кожны аўтобус павінен быць суправаджаючы, калі дзяцей больш за 20 чалавек – па два суправаджаючых.
Акрамя гэтага, перавозчык або заказчык абавязаны не менш чым за тры дні накіраваць афіцыйнае паведамленне ў аддзяленне ДАІ, у якім павінны быць указаны дата паездкі, маршрут, марка і нумар дзяржаўнай рэгістрацыі аўтобуса, прозвішчы і ініцыялы вадзіцеляў, якія будуць перавозіць дзяцей. Разам з гэтым дакументам падаецца копія спісу дзяцей, завераная пячаткай школы і подпісам дырэктара або адказнай асобы. Калі ў калоне больш за тры аўтобусы, трэба выдзеляць службовы аўтамабіль для суправаджэння.
Аўтобусы, на якіх плануецца перавозіць дзяцей, павінны не пазней як за сем дзён да перавозкі прайсці тэхагляд. Да вадзіцеляў таксама прад’яўляюцца дастаткова строгія патрабаванні. Калі дзецям трэба ехаць больш за 450 кіламетраў, абавязкова павінна быць два вадзіцелі. Везці юных пасажыраў можна з хуткасцю не больш за 70 кіламетраў у гадзіну, нават за горадам. Пры гэтым на аўтобусе павінен быць устаноўлены апазнавальны знак “Перавозка дзяцей” і абавязкова ўключана бліжняе святло фар. Не рэкамендуецца перавозіць дзяцей ва ўмовах недастатковай бачнасці: пры моцным дажджы, у тумане, пры снегападзе…
М. ГАРАЛЕВІЧ,
в. а. начальніка ДАІ РАУС.
Надрукавана ў №31 ад 26.04.2011 г.