Шумілінскі футбол: у перапынку паміж кругамі

Общество Спорт, туризм

Шумілінскі футбол: у перапынку  паміж  кругамі
Завяршыўся першы круг чэмпіянату вобласці па футболе. ФК “Шуміліна” з 10 набранымі ачкамі ў групе “А” займае чацвёртае месца (у “Міёраў”, якія на трэцім месцы, столькі ж ачкоў, адрыў ад лепельскіх футбалістаў, якія на пятым радку, адно ачко).

З шасці гульняў нашы футбалісты тры сустрэчы выйгралі, адну – сыгралі ўнічыю, дзве – прайгралі; забілі 12 і прапусцілі 10 галоў. Пра вынікі першага круга і планы на другі размаўляем з капітанам ФК “Шуміліна” абаронцам Аляксандрам САЎЧАНКАМ.
– Аляксандр, дайце ацэнку першаму кругу абласнога першынства.
– Першы круг атрымаўся для нашай каманды  неадназначным. Відаць, самае галоўнае, месца у турнірнай табліцы. Чацвёрты радок – гэта зусім не тое, што планавалі. Усё-такі сабралася добрая каманда, прыйшлі новыя футбалісты, якія павінны былі ўзмацніць гульню.
– Сапраўды, неадназначны круг. Яркая перамога ў Лепелі, добрая нічыя ў Глыбокім і разам з тым правальныя хатні паядынак з ФК “Полацкгаз” і выязны супраць ФК “Міёры”. Чаму атрымліваюцца такія гульнявыя арэлі?
– Прычына ў нас саміх. Паўтаруся, у камандзе многа новых гульцоў, няма яшчэ поўнага разумення паміж сабой на полі. Адсюль і такія вынікі. Можна дадаць і тое, што нізкая рэалізацыя галявых момантаў, у асноўным мы забіваем са стандартаў. Хаця і маем добрых нападаючых Міхаіла Шапавалава і Станіслава Прасветава. Але яны не паказалі сваёй важкай галявой гульні. Тое ж самае можна сказаць і пра варатароў: Аляксандр Маслюк і Павел Барысаў цудоўна адстаялі ў Глыбокім, Паставах  і Лепелі,  у астатніх матчах памылак не нарабілі, але і нічога не выцягнулі.
– Наша размова плаўна перайшла да футбалістаў. На думку капітана каманды, каму  з футбалістаў першы круг удаўся? І наогул давайце пройдземся па лініях.
– Ігар Дашкевіч адназначна быў лепшы. Ён можа сыграць практычна на любой пазіцыі. Добра, што Ігар пасля двухгадовай адсутнасці (Ігар Дашкевіч два папярэднія сезоны гуляў за гарадоцкі “Прамень” – аўт.) вярнуўся ў каманду. Пра галкіпераў і нападаючых мы ўжо казалі. Другую маладосць перажывае абаронца Аляксандр Архіпаў, адзін з лепшых сваіх сезонаў праводзіць Максім Дземідзенка, як звычайна надзейныя ў абароне Аляксандр Сіманік і Раман Івашкевіч. Павел Шчарбакоў, які ў камандзе толькі другі год, расце на вачах, з яго выйдзе вельмі добры абаронца. Стопрацэнтная самааддача і гульнявы вопыт на баку Віктара Райчонка, добра прыбавіў Андрэй Меркіянаў, які адкрыў свой галявы рахунак. Ухвальных слоў заслугоўваюць і нашы навічкі Андрэй Жаўноў, Міхаіл Раманаў, Канстанцін Чарнышоў і Сяргей Фінашын. Адным словам, у ФК “Шуміліна” сабраліся добрыя футбалісты, цяпер важна стаць адной камандай.
– А вось цэнтр поля трэба ўзмацняць. Якія перастаноўкі, змены і новыя футбалісты будуць у другім крузе?
–У першых матчах няблага спрацавала звязка Артур Гугін – Максім Стрыжанок, але траўма Максіма прымусіла нас шукаць замену. Акрамя гэтага ў нас ёсць Андрэй Шантур, які не гуляў першы круг з-за ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі па пляжным футболе. Ён у звязцы з Ігарам Дашкевічам зможа закрыць цэнтр поля. Пры гэтым вызваліцца Сяргей Баранчук, для якога на полі больш характэрная роля свабоднага мастака, джокера. Такія перастаноўкі павінны прынесці вынік. Будзе і новы футбаліст – атакуючы паўабаронца Яўген Самарын, які ў мінулым годзе, выступаючы за гарадоцкі “Прамень”, быў адным з лепшых бамбардзіраў абласнога першынства.
– Што нам, футбольным заўзятарам, чакаць ад ФК “Шуміліна” ў другім крузе?
–  Думаю, што зможам пазмагацца за выхад у фінальную частку першынства, інакш кажучы, заняць у групе месца не ніжэй за трэцяе. Задача, што стаяла перад пачаткам сезону,  стаіць і зараз. Важна выходзіць на поле і перамагаць.
Хочацца сказаць “дзякуй” нашым балельшчыкам, у прыватнасці Аляксандру і Кірылу Буланавым, Кацярыне Ізафілавай, Юрыю Раманаву, сям’і Рахцеевых. Дзякуй такім прадпрыемствам, як  ААТ “Ляжні”, “Прыдзвінскі”, УП “Райаграсэрвіс” за дапамогу ў арганізацыі  гасцявых сустрэч.
– Дзякуй за грунтоўную размову, спадзяёмся, што сёлетні ваш сезон будзе працяглым і медальным.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №58 ад 26.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *