Да дня вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў раённае таварыства інвалідаў разам з работнікамі культуры правялі тэматычную сустрэчу “Памятаць, каб жыць”.
На сустрэчу сабралася каля шасцідзесяці сяброў таварыства. Сярод іх былі былы малалетні вязень Марыя Кавалёва, прадстаўнікі сямей загінуўшых Клаўдзія Казакова, Любоў Гурнова, Вольга Аверчанка.
І сёння вельмі балюча ўспамінаць пра тыя трагічныя часы, пра пакуты і страты. Але ж хіба можна гэта забыць! У Шумілінскім раёне, дзе загінуў кожны трэці жыхар, дзе фашысты расстралялі, закатавалі і спалілі каля двух тысяч чалавек, знішчылі 133 вёскі, дзе чорнае крыло вайны апаліла кожны дом, кожную сям’ю, памяць жыве.
Жыве і надзея на мірнае светлае жыццё, на тое, што на беларускай зямлі будуць смяяцца дзеці і будзе расці хлеб. Пра гэта гаварылі, гэтым спадзяванням прысвячалі песні.
Сустрэча атрымалася вельмі кранальнай, цёплай. Удзельніца гэтай сустрэчы інвалід дзяцінства вайны Ефрасіння Чарнамордава даслала ў рэдакцыю газеты ліст, у якім выказвае шчырую падзяку старшыні раённага таварыства інвалідаў Любові Нагібавай, загадчыцы аўтаклуба Ліліі Барадзёнак, музыканту Анатолю Матусу і ўсім, хто прыйшоў і прыехаў на сустрэчу.
“Мы стараліся, каб з кожнага сельсавета прыехала хаця б па тры-чатыры чалавекі, – кажа Л. М. Нагібава, – і людзі сабраліся. Гэта галоўнае”.
Наогул, Любоў Мікалаеўна расказала, што рады таварыства шырацца з кожным годам. Зараз яно налічвае 396 чалавек. У гэтай суполцы людзі вельмі дружныя. Дапамагаюць адзін аднаму, праводзяць шмат мерапрыемстваў і ўвесь час будуюць планы. Вось і зараз, не паспелі перавесці дух пасля шыкоўнай прэзентацыі сваёй выставы на раённым свяце “Родная зямля”, а ўжо рыхтуюцца да “Славянскага базару”, да новых сустрэч.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Святланы БАЛАШЭЎСКАЙ.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2016 г.