Трагедыя
9 красавіка трагічна загінуў 27-гадовы электраманцёр Шумілінскага РЭС. Ён быў смяротна паражоны электрычным токам. Па дадзенай справе пракуратура раёна праводзіць праверку.
Дзік
У перыяд з 3 па 5 красавіка ў лясным масіве ва ўрочышчы Чаронка браканьеры (іх асобы пакуль што не ўстаноўлены) ставілі металічныя петлі на дзікіх жывёл. У пастку трапіў дзік. Урон, нанесены жывёльнаму свету, складае 60 базавых велічынь. Па арт. 282 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа.
Бульба
Пацярпеў жыхар вёскі Мазурына: невядомыя злодзеі на ягоным агародзе раскапалі бурт і ўкралі адтуль больш за пяцьсот кілаграмаў бульбы. Шкода складае каля паўмільёна рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Гультаі
У мінулым годзе суд Шумілінскага раёна прыгаварыў жыхара райцэнтра да двух гадоў выпраўленчых работ за ўхіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. Але мужчына не ўзяўся за розум, не працаваў…
Падобная крымінальная справа была ўзбуджана супраць жыхаркі Шуміліна. Ёй дапамаглі працаўладкавацца, каб толькі выплачвала патрэбную суму на ўтрыманне свайго непаўналетняга сына. Аднак жанчына ні працаваць, ні жыць па-чалавечы не хацела…
Грошы
Месяц таму ўзбуджалася крымінальная справа па факту крадзяжу грошай у магазіне в. Язвіна, якія прадавец пакінула на прылаўку. Злачынца знойдзены, ім аказаўся жыхар г. Віцебска. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа. Віцяблянін затрыманы.
Гарэлка
Прадавец аднаго з магазінаў раёна прадала непаўналетняму гарэлку. Пра гэты факт у міліцыю паведаміў сам падлетак. Згодна з арт. 12.17. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на прадаўца складзены адміністрацыйны пратакол, ёй пагражае штраф да дзесяці базавых велічынь.
Алюміній
У жыхара райцэнтра з гаспадарчай пабудовы прапаў алюмініевы бітон. Па гарачых слядах злачынца быў устаноўлены, ім аказаўся непрацуючы жыхар Шуміліна, раней судзімы за крадзеж і за ўхіленне ад адбыцця пакарання.
У ходзе расследавання крымінальнай справы было даказана, што гэты ж мужчына некалькі тыдняў таму таксама ўкраў алюмініевы бітон у пацярпелага. Мужчына прызнаўся ў крадзяжы. Бітоны знойдзены, вернуты гаспадару. Узбуджаны дзве кры-мінальныя справы.
Злачынствы
За студзень-сакавік бягучага года па лініі крымінальнага вышуку раённага аддзела ўнутраных спраў зарэгістравана сем злачынстваў, якія здзейснілі раней судзімыя. 10 злачынстваў на рахунку тых, хто знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, 11 злачынстваў учынены ў грамадскіх месцах, 5 – групай асоб, 4 – на глебе сямейна-бытавых адносін.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №29 ад 19.04.2011 г.