Сувязь паміж працвітаннем прадпрыемства і работай ідэолага

Президент Экономика

Сувязь паміж працвітаннем прадпрыемства і  работай ідэолага
На мінулым тыдні ў актавай зале будаўнічага прадпрыемства ПМК-70 прайшоў семінар  ідэалагічных работнікаў. Семінар, на якім абмяркоўваліся важныя надзённыя пытанні, правяла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Пра стан ідэалагічнай работы на прадпрыемстве, якое прымала ў гэты дзень гасцей, расказала начальнік аддзела па кадрава-прававой і ідэалагічнай рабоце ПМК-70 Святлана Мацвеева.
З 230-ці работнікаў маладымі з’яўляюцца 76 чалавек. Гэты факт у многім вызначае вектар работы, якая выступае за рамкі чыста вытворчых інтарэсаў. Без будаўнікоў не абыходзіцца ніводнае культурна-масавае ці спартыўнае раённае свята. На мітынгу ці парадзе, на сцэне ці стадыёне, у палатцы на турзлёце ці ў шэсці Дзядоў Марозаў – вы ўсюды сустрэнеце работнікаў гэтага прадпрыемства. І не толькі маладых.
Людзі ездзяць на экскурсіі, адпачываюць у санаторыях (а іх дзеці – у летніках), наведваюць канцэрты (адміністрацыя ўжо закупіла 30 білетаў на “Славянскі базар” для сваіх работнікаў), многія атрымліваюць адукацыю. І былыя работнікі, ветэраны вайны і працы пастаянна адчуваюць клопат аб сабе роднага прадпрыемства. І гэта не толькі віншаванні са святамі, а і такая важкая дапамога, як, напрыклад, устаноўка агароджы і многае іншае.
Праца на агульны вынік заўжды гучна заяўляе пра сябе. Вось і сёлета зноў прадпрыемства занесена на раённую Дошку гонару па выніках работы за 2015 год. Ёсць у ПМК-70 і свая Дошка гонару, што дазваляе ўплываць на вынікі вытворчасці сродкамі здаровага саперніцтва.
Выступленне Святланы Уладзіміраўны яшчэ раз пацвердзіла, што на прадпрыемстве выпрацавана пэўная сістэма, якая робіць паняцце “ідэалагічная работа” напоўненым, дзейсным, даючым добрыя вынікі.
Багатае культурнае жыццё па-за рабочымі буднямі на ПМК-70 прыводзілі ў прыклад іншым прадпрыемствам і арганізацыям. У прыватнасці, калі абмяркоўвалі правядзенне раённага турзлёту ці хуткага “Славянскага базару”.
І. І. Шалахава звязвала актыўнасць у адпачынку са здаровым ладам жыцця, прафілактыкай п’янства, урэшце, з замацаваннем маладых у раёне. “Чамусьці ў іншыя раёны маладыя едуць і застаюцца там. А ў наш – не. Хаця ў нас ёсць усе ўмовы для нармальнага жыцця”, – гаварыла Ірына Іванаўна. А жыццё павінна быць цікавым – гэта факт. У маладых павінна быць магчымасць сустракацца, знаёміцца, цікава праводзіць разам час. Магчыма, і сем’яў у выніку на Шуміліншчыне стане больш. А як яшчэ знаёміцца, калі не на сумесным адпачынку?
Безыніцыятыўнасць, нежаданне браць на сябе клопат па арганізацыі вольнага часу работнікаў, неразуменне важнасці гэтай работы, аддачы ад яе ставіліся ў віну ў тым ліку і ідэолагам. “Здароўе”, паспяховасць прадпрыемства залежыць ад якаснай і зацікаўленай работы ідэолага намнога больш, чым гэта можа падацца на першы погляд.
Таксама на семінары абмеркавалі такія важныя пытанні, як падрыхтоўка і правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання; стан воінскіх пахаванняў і памятных месцаў на тэрыторыі раёна, увекавечанне памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны; правядзенне святочных мерапрыемстваў, у тым ліку, Дня Незалежнасці.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №51 ад 01.07.2016 г.



2 комментария по теме “Сувязь паміж працвітаннем прадпрыемства і работай ідэолага

  1. Правильно ли я понимаю, что на семинаре Итоги 5 Всебелорусского не обсуждались?

  2. Семінар ідэолагаў прайшоў 20 чэрвеня, за два дні да пачатку пятага Усебеларускага народнага сходу.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *