Нарыхтоўка кармоў
У Віцебскай вобласці ў гэтым годзе тэмпы нарыхтоўкі кармоў вышэй, чым у такі ж перыяд мінулага года. На 17 чэрвеня травы першага ўкосу былі скошаны на 52,8% плошчаў (у 2015 г. – на 39,7%), на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 4,7 цэнтнера кармавых адзінак (на 1,8 ц к. адз. больш).
Разам з тым даведзенае аблвыканкамам заданне па нарыхтоўцы кармоў у палімернай упакоўцы не выконваецца. На 17 чэрвеня было нарыхтавана толькі 13,2 тыс. тон сенажу ў палімернай упакоўцы (32,2% да плана).
Кантрольнымі мерапрыемствамі, праведзенымі 9 чэрвеня Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласці ў Лепельскім і Докшыцкім раёнах, выяўлены парушэнні пры нарыхтоўцы кармоў у палімернай упакоўцы.
З тым, каб нарыхтаваць для стойлавага ўтрымання жывёлы не менш за 27 ц к. адз. травяных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы (з іх не менш за 90% першым класам), аблвыканкам даручыў раёнам з нізкай забяспечанасцю корманарыхтоўчай тэхнікай стварыць міжгаспадарчыя корманарыхтоўчыя атрады.
Кантрольныя мерапрыемствы паказалі, што створаныя ў Докшыцкім (1) і Лепельскім (3) раёнах міжгаспадарчыя корманарыхтоўчыя атрады да нарыхтоўкі травяных кармоў не прыступалі. Частка ўключанай у атрады тэхнікі была няспраўная, астатняя займалася нарыхтоўкай кармоў непасрэдна ў сваіх арганізацыях.
Камітэт дзяржкантролю накіраваў дадзеную інфармацыю ў Докшыцкі і Лепельскі райвыканкамы, а таксама ў Віцебскі аблвыканкам – для прыняцця мер рэагавання і прыцягнення да адказнасці вінаватых службовых асоб.
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №50 ад 28.06.2016 г.