“Шатры маланкі” –
пад такой назвай 24-26 ліпеня прайшоў традыцыйны турысцкі злёт у вёсцы Рыбчына.
“Дата правядзення турзлёту выбрана не выпадкова, – расказвае адзін з арганізатараў мерапрыемства А. Л. Бычкоў. – Праводзіцца пасля 22 чэрвеня – дня летняга сонцастаяння. Гэта асаблівы дзень для славян”.
У турзлёце прынялі ўдзел каля трыццаці чалавек з Віцебшчыны, былі госці з Масквы і Санкт-Пецярбурга, якія захапляюцца гісторыяй славян, вывучаюць старажытныя звычаі і абрады. Падчас турыстычнага злёту прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Звычаі, абрады, вераванні і жыццёвы ўклад славянскіх продкаў”.
Адметным стаў і першы вечар – адпачываючыя вучыліся таньчыць парны бальны танец падэспань. Анатоль Леанідавіч адзначыў, што вывучэнне розных танцаў стала традыцыяй “Шатроў маланкі”, летась, напрыклад, танцавалі паланез.
Гара Маланка стала месцам правядзення старажытнаславянскіх абрадаў. Магія і старажытнасць віталі ў кожным руху, у кожным слове. Удзельнікі турзлёту яшчэ раз адкрылі для сябе патаемнасць славянскай гісторыі.
Зразумела, шмат на турзлёце было спартыўна-забаўляльных гульняў, прычым акцэнт рабіўся на старажытнаславянскія забавы.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №50 ад 28.06.2016 г.