А чацвёртай гадзіне раніцы Уладзімір Бужынскі ўжо на нагах. Работа такая: збірае малако з вясковых падворкаў у Мікалаёўскім сельсавеце.
Уладзімір Уладзіміравіч жыве ў Уле, а ад яе да Мікалаёва рукой падаць.
“Прызнацца, ніколі не марыў быць індывідуальным прадпрымальнікам, — расказаў У. У. Бужынскі. — Але неяк падлічыў, што збор малака — справа выгадная. За тону сырзавод плаціць 145 тысяч рублёў, я збіраю зараз па 800 кілаграмаў кожны дзень. Ёмістасць, якая ўсталявана на прычэпе грузавога “Форда”, разлічана на 1,6 тоны. Так што ёсць куды расці”.
Дарэчы, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 9 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў” дзяржава падтрымлівае індывідуальных прад-прымальнікаў, якія працуюць на вёсцы. Напрыклад, У. У. Бужынскі атрымаў бязвыплатную субсідыю. І падаткі ён плаціць па спрошчанай форме — адзін раз у тры месяцы. Акрамя таго, для тых, хто адкрыў уласную справу на вёсцы, прымяняюцца паніжаныя стаўкі пры падаткаабкладанні.
Але ж не трэба думаць, што ў прыватніка-малаказборшчыка няма праблем. Самая сур’ёзная — несумленныя малаказдатчыкі. З першага дня сваёй работы літаральна кожнага малаказдатчыка ён прывучаў да дысцыпліны. Нават каштаваў малако з кожнага слоіка.
І прывучыў. “Калі па многіх сельсаветах мінусуюць па зборы малака ў параўнанні з мінулым годам, то на Мікалаёўшчыне яго на 10% больш, — расказаў дзяржаўны харчовы інспектар сельгаспрадукцыі райсельгасхарчу Р. У. Валадзько. — І гэта нягледзячы на тое, што кароў на Мікалаёў-шчыне зараз 142 (на 7 менш, чым у мінулым годзе)”.
Уладзімір Бужынскі — першы ў нашым раёне індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца зборам малака ад насельніцтва. Чалавек ён сціплы, рэкламаваць сваю дзейнасць не хоча, адмовіўся і фатаграфавацца. Але напрыканцы нашай размовы паабяцаў: “Калі ёсць жадаючыя заняцца падобнай справай, магу даць бясплатныя кансультацыі”. Няхай і яшчэ ў нашым раёне знойдуцца такія прыватныя малаказборшчыкі, а прыватныя гаспадаркі з кожным годам пашыраюцца.
Ларыса КІСЯЛЁВА.