Затрымкі ў выплаце дапамог
Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гарантавана права на сацыяльнае забеспячэнне грамадзян у вызначаных заканадаўствам выпадках. Гэтае права рэалізуецца шляхам забеспячэння менш абароненых слаёў насельніцтва дапамогамі, абавязак па выплаце якіх у тым ліку ўскладзены на арганізацыі-наймальнікі.
Аднак, як паказвае праводзімы КДК маніторынг, некаторыя наймальнікі груба ігнаруюць правілы і затрымліваюць выплату дапамог.
Так, са студзеня па сакавік бягучага года ў вобласці назіралася тэндэнцыя да росту запазычанасці па нявыплачаных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. І калі ў студзені дапамогі не былі выплачаны 28 арганізацыямі 305 асобам на агульную суму 704,8 млн руб., то ўжо ў сакавіку запазычанасць вырасла ў 4 разы. КДК сумесна з мясцовымі органамі ўлады ўдалося значна мінімізіраваць запазычанасць. Да сярэдзіны мая запазычанасць заставалася ў 13 арганізацыях.
Пытанні выканання наймальнікамі абавязкаў па своечасовай выплаце работнікам дзяржаўных дапамог застаюцца на асаблівым кантролі.
8 чэрвеня 2016 года ў Камітэце дзяркантролю Віцебскай вобласці з 10.00 да 16.00 па тэл. 8(0212)47-30-45 і 42-61-94 будзе праводзіцца «гарачая лінія» па пытанні несвоечасовай выплаты (затрымкі) дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.
Ці тавару няма, ці цана завышана
КГК Віцебскай вобласці вывучыў пытанні стану спажывецкага рынку ў Бешанковіцкім раёне. У ходзе маніторынгу, праведзенага ў пачатку мая ў 8-мі гандлёвых аб’ектах трох суб’ектаў гаспадарання, размешчаных у сельскай мясцовасці, выяўлены шэраг парушэнняў патрабаванняў заканадаўства. Гэта сведчыць пра адсутнасць належнага кантролю за якасцю гандлёвага абслугоўвання насельніцтва.
У прыватнасці, у многіх магазінах адзначана нездавальняючае забеспячэнне пакупнікоў айчыннымі таварамі, парушаны правілы продажу тавараў, не забяспечана выкананне патрабаванняў санітарных норм і правілаў пры захоўванні харчовых прадуктаў. Мелі месца і неабгрунтаванае завышэнне рознічных цэн.
Па выніках маніторынгу ўсім кіраўнікам гандлёвых арганізацый вынесены рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў. Для прыняцця мер рэагавання і ўзмацнення папераджальнага кантролю інфармацыя накіравана ў Бешанковіцкі райвыканкам.
Праверкі – згодна з планам
Згодна з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 г. № 510 “Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” КДК Віцебскай вобласці сумесна з дзяржорганамі, якія ажыццяўляюць кантрольную і наглядную дзейнасць, праводзіцца работа па фарміраванні каардынацыйнага плана кантрольнай (нагляднай) дзейнасці на другое паўгоддзе 2016 года ў Віцебскай вобласці. 14 чэрвеня 2016 года план будзе размешчаны на афіцыйным сайце КДК Рэспублікі Беларусь у сетцы Інтэрнэт.
Штогадовы аналіз колькасці праводзімых кантралюючымі і нагляднымі органамі планавых праверак паказвае тэндэнцыю да іх зніжэння. Так, напрыклад, у каардынацыйны план на першае паўгоддзе 2014 года было ўключана 3322 праверкі суб’ектаў гаспадарання вобласці, на першае паўгоддзе 2015 года – 3034, на першае паўгоддзе 2016 года – 2789.
Заканадаўствам прадугледжана магчымасць уключэння ў план праверак іншых кантралюючых органаў пры наяўнасці ў іх падстаў, прадугледжаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 г. № 510. Акрамя таго, у каардынацыйныя планы дапускаецца ўнясенне змяненняў у часці змянення тэрміну правядзення праверкі, выхаду са складу сувыканаўцаў, выключэнне праверкі. Інфармацыя пра змяненні абнаўляецца штотыднёва на сайце КДК.
Усе кантралюючыя і наглядныя органы, якія запланавалі праверку, павінны прыступіць да яе правядзення на працягу месяца, указанага ў плане. Выключэнні могуць складаць выпадкі, калі на падставе заявы правяраемага суб’екта, пададзенай у вызначаным заканадаўствам парадку, кантралюючым органам будзе прынята рашэнне аб пераносе тэрміну праверкі.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №44 ад 07.06.2016 г.