Шумилинские мелиораторы заняты на строительстве дороги Чисти-Новозароново

Актуалии Экология Экономика

На  будаўніцтве  дарогі  Чысці-Новазаронава

Будоўляй года называе галоўны інжынер Шумілінскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм А. М. Лакціёнаў узвядзенне новай лесагаспадарчай аўтамабільнай дарогі працягласцю 6 км, якая злучыць вёскі Чысці і Новазаронава.

Заказчыкам выступіла ДЛГУ “Шумілінскі лясгас”, тэндар на будаўніцтва выйграла Шумілінскае ДРБУ-204, якое ўзяло на субпадрадныя работы Шумілінскае ПМС, часткова задзейнічаны УП ЖКГ і лясгас. Вось такім “квартэтам”, дружна і зладжана, як кажуць, у адной звязцы, і ўзводзіцца новы аб’ект.
Аб’ёмаў хапае кожнаму прадпрыемству. “Першапраходцамі” па кустах і лесе ідуць работнікі лясгасу. Машыніст “Амкадора” Сяргей Краўчанка вытралёўвае лес, які адразу ж падхопліваюць камунальнікі, адпраўляюць яго на шчапу і вывозяць на свае аб’екты. Далей за справу бяруцца меліяратары, якія непасрэдна ўзводзяць земляное палатно і будуюць гідратэхнічныя збудаванні. Дарожнікі ў сваю чаргу адсыпаюць дарогу (яе шырыня складае 5 метраў) і дарожнае адзенне.
Хапае і рызыкі на будаўніцтве аб’екта. Усім вядома, што ў гады вайны ў гэтых мясцінах стаяў фронт і ішлі кровапралітныя баі. У зямлі засталося нямала “сюрпрызаў”, якія знаходзяць і зараз. З пачатку будаўніцтва дарожнікі неаднаразова выклікалі сапёраў для абясшкоджвання снарадаў.
Работы па будаўніцтву дарогі пачаліся ў канцы красавіка, на сённяшні дзень адсыпана 2,5 км. Як бачым, за справу ўзяліся сур’ёзна і грунтоўна. У прыватнасці, меліяратарамі, па словах галоўнага інжынера ПМС, асвоена за май 360 мільёнаў рублёў. Агульны кошт будаўніцтва дарогі Чысці-Новазаронава складае 6,623 мільярда рублёў. Увядзенне ў строй запланавана на канец лістапада.
“Што дасць будаўніцтва аб’екта?” – пытаюся ў меліяратараў. А. М. Лакціёнаў назваў адразу некалькі пераваг. Па-першае, дарога забяспечыць умовы для нарыхтоўкі і вывазу драўніны. Па-другое, больш спрыяльна стане даглядаць за лесам, праводзіць асушэнне забалочаных лясных масіваў, урэшце для мэт пажаратушэння і г. д. Па-трэцяе, паслужыць для транспартнага злучэння двух населеных пунктаў. Калі раней з Новазаронава да Чысцяў дабірацца было 20 км, то пасля будаўніцтва дарогі – 6 км, дарога стане закальцаванай. Па-чацвёртае, зручна стане людзям прыязджаць у лес для збору грыбоў і ягад. Пераваг, як бачым, шмат.
Між іншым, праект на будаўніцтва дадзенага аб’екта быў падрыхтаваны яшчэ некалькі гадоў таму. І толькі сёлета Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь нарэшце дала згоду і  адкрыла фінансаванне.
Зараз на будаўніцтве за-дзейнічана 8 работнікаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм, тры экскаватары і бульдозер. Кіраўніцтва ПМС вельмі хваліць за работу на аб’екце машыністаў экскаватараў ЭО-3223 Рыгора Барысавіча Волкава, Пятра Паўлавіча Чарнічэнку, Мікалая Пятровіча Раманюгу. Не падводзіць з якасцю работы малады бульдазерыст Васіль Зазон, на высечцы кустоўя часова, пакуль падсохне зямля, задзейнічаны бульдазерыст Валерый Мікалаевіч Свіры-дзенка, пасля ён таксама перасядзе на сваю тэхніку.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 43 ад 03.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *