Насіце сонейка ў кішэні: Дзень абароны дзяцей – у Шуміліне

Актуалии Семья

Насіце сонейка ў кішэні

Лета пачалося вясёлымі песнямі, гарэзлівымі танцамі, малюнкамі на асфальце, гульнямі і скокамі на батутах – мы радасна адзначылі Дзень абароны дзяцей. А разам з ім шчыра віталі лета, сонца, добрае надвор’е, магчыма, таму і свята, якое ладзілася ў гарадскім парку, атрымалася выдатным, прынесла шмат радасці не толькі яго галоўным героям – дзецям, але і дарослым, якія вырашылі першы вечар лета правесці разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі.

Любое дзіця ў парку магло знайсці сабе забаву па душы. Напрыклад, папулярнай аказалася прапанова работнікаў РАНС прымераць форму выратавальніка. Як заўжды, цікава было ля выстаў гісторыка-краязнаўчага музея і Дома рамёстваў, гуртаваліся дзеці ля батутаў, каталіся на конях, з радасцю ўдзельнічалі ў конкурсах, прапанаваных цэнтрам дзяцей і моладзі.

Гэта асаблівая атмасфера, дзеля якой стараліся ўсе арганізатары свята, пераканаўча сцвярджала толькі адно: дзяцінства абавязана быць шчаслівым. І забяспечыць гэта шчасце – галоўная, самая высакародная функцыя дарослых. Каб нават думкі пра тое, што нашы дзеці маюць патрэбу ў абароне, не ўзнікала; каб сонейка дзеткі насілі з сабой у кішэні заўжды; каб мы побач са сваімі радаснымі і шчаслівымі дзецьмі станавіліся весялей і дабрэй.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *