Час уступных іспытаў
Ну вось, як кажуць, без пяці хвілін і лета. Дачакаліся. І дарослыя, і дзеці тым больш. Адзнакі выстаўлены, падручнікі здадзены, рукзакі адстаўлены ў дальні вугал. Цэлыя тры месяцы нічога не хвалюе і не турбуе. Хаця, пачакайце, ёсць яшчэ адна справа, пра якую неабходна паклапаціцца менавіта зараз, бо пасля будзе позна. Размова ідзе пра паступленне ў раённую гімназію, калі ў кагосьці з дарослых ці дзяцей ёсць такая мэта ці мара.
Пачнём з таго, што згодна з рашэннем райвыканкама ад 28.03.2016 года №219 “Аб устанаўленні кантрольных лічбаў прыёму ў ДУА “Шумілінская раённая гімназія-інтэрнат” вызначана колькасць вучняў для 5-х класаў – 18 чалавек.
Навучальная ўстанова аб’явіла прыём навучэнцаў у 5 клас на 2016/2017 вучэбны год, і да 2 чэрвеня прыёмная камісія прымае дакументы. Для таго, каб паступіць у 5 клас гімназіі, неабходна здаць у прызначаныя дні ўступныя экзамены па наступных вучэбных прадметах: 2 чэрвеня – руская мова (дыктант), 4 чэрвеня – матэматыка (пісьмовая работа), 7 чэрвеня – беларуская мова (дыктант). Вызначаны і рэзервовы дзень – 10 чэрвеня, калі дзіця па ўважлівых прычынах (напрыклад, хвароба ці санаторнае лячэнне) не магло здаць экзамены.
Пачатак экзаменаў у 11.00, іх працягласць – 45 хвілін.
Пры вялікай колькасці жадаючых прыём у гімназію ажыццяўляецца на конкурснай аснове. Пры правядзенні конкурсу будуць улічвацца адзнакі, атрыманыя на ўступных іспытах, і выніковыя адзнакі за 4 клас па вучэбных прадметах. Пры роўнай колькасці балаў перавагу ў залічэнні ў гімназію будуць мець вучні з больш высокім сярэднім балам гадавых адзнак за 4 клас.
Некалькі слоў пра тое, як дабірацца. Усіх жадаючых даставіць да месца школьны аўтобус, які будзе адпраўляцца ад аўтастанцыі г. п. Шуміліна ў 10.20. Пры гэтым яго маршрут пройдзе праз Брыкет з прыпынкам у 10.30 каля Шумілінскай СШ №2 і праз Верхні горад з прыпынкам у 10.40 каля цэнтральнай раённай бальніцы.
Хочацца таксама дадаць, што на час навучання гімназістам з сельскай мясцовасці па жаданні прадастаўляецца бясплатнае пражыванне ў інтэрнаце гімназіі, пры гэтым такія вучні забяспечваюцца бясплатным чатырохразовым харчаваннем.
А вось дадатковы набор на свабодныя месцы ў 6-11 класы пройдзе ў жніўні. Сачыце за інфармацыяй у газеце. А наогул, усе адказы на пытанні наконт паступлення ў гімназію можна атрымаць па тэл.: 3-79-37 (прыёмная) і 3-79-38 (дырэктар Ларыса Уладзіміраўна Маладзечкіна).
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2016 г.