“Уладар сяла-2016”
Рэспубліканскае свята-конкурс “Уладар сяла” ініцыяваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, каб паказаць, што і на сяле жыве актыўная, працавітая, таленавітая моладзь. Жыве, стварае сем’і, нараджае і гадуе дзяцей. Сёлета ў раённым конкурсе “Уладар сяла” бралі ўдзел шэсць маладых сямей з пяці сельсаветаў раёна. У суботу гарадскі пасёлак Обаль ветліва прымаў Мікалая і Алену Новікавых з дзецьмі Арцёмам, Ганнай і Анастасіяй з аграгарадка Мікіціха, Уладзіміра і Вольгу Белавусавых з дзецьмі Аляксандрам і Марыяй з Кардона, Аляксея і Таццяну Сідаравых з дзецьмі Ксюшай і Соняй з Башнёў, Дзмітрыя і Таццяну Бязрукавых з дзецьмі Палінай і Кацярынай з Крывога Сяла, Аляксандра і Анастасію Петуховых з сынам Аляксандрам са Слабады і Яўгена і Юлію Цыганковых з дзецьмі Янай, Фёдарам і Дар’яй з вёскі Пабеда, якія рашыліся паспаборнічаць за ганаровае званне “Уладара сяла” Шумілінскага раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава адзначыла, што конкурс нарадзіўся на Віцебшчыне і зараз “вырас” да міжнароднага ўзроўню. Ірына Іванаўна падкрэсліла, што “Уладар сяла” папулярызуе лепшыя традыцыі беларускай вёскі, сялянскай сям’і.
Пераможца раённага этапу і абласны прызёр конкурсу “Уладар сяла-2015” Марына Раманятава шчыра вітала ўсіх удзельнікаў са святам, адзначыла, што гэты конкурс падарыў іхняй сям’і безліч новых знаёмстваў і ўражанняў, пажадала ўсім канкурсантам перамогі.
Пачалася конкурсная праграма са знаёмства з сем’ямі. “Візітная картка” стала своеасаблівым гімнам сям’і: узаемапавага, каханне, разуменне – тое, на чым трымаецца кожная сям’я. Пра гэтыя вечныя сямейныя каштоўнасці маладыя людзі казалі праз вершы і літаратурныя кампазіцыі, песні і танцы, ім актыўна дапамагалі дзеці.
Першае ўражанне ад конкурсу “Вітаем па-беларуску” – імправізаваная вуліца ў аграрадку, на якой жывуць спраўныя маладыя сем’і. Як было адмовіцца ад запечанай курыцы ці смажанай качкі, хатняга малака ды смятанкі, грыбочкаў і бульбачкі. А якія пірагі ды булкі пякуць маладыя гаспадыні! І пры гэтым яны знаходзяць час і на любімыя заняткі – вышыўку, вязанне ці бісерапляценне.
А як спрытна сямейныя пары пілавалі і секлі дровы.
Шмат вясёлых імгнення падарыў конкурс “Святочны воз”. Падалося, што сем’і штодня запрагаюць каня ў калёсы. Нават і не ведаеш, ці страцілі сваю актуальнасць на вёсцы з-за тэхнічнага прагрэсу двухручная піла і калёсы.
Дадалі добрага настрою вясковыя эстафеты, кульмінацыяй якіх стаў апошні этап – мужчыны на руках неслі сваіх жонак да фінішу.
Апошні конкурс, самы смачны – “Сялянскія прысмакі”, падчас якога трэба было прыгатаваць дранікі. Усе сем’і былі на вышыні: кожны рэцэпт – адметны, а смак гарачых дранікаў – пальчыкі абліжаш.
Журы, якое ўзначальвала І. І. Шалахава, прыйшлося нялёгка. Усе сем’і – маладыя і таленавітыя, спрытныя і гаспадарлівая, адкрытыя і шчырыя – заслугоўвалі звання “Уладар сяла-2016”.
У намінацыі “Майстар на ўсе рукі” журы лепшымі прызнала сям’ю Новікавых, “Самымі творчымі” сталі Белавусавы, “Самымі працавітымі” – Петуховы, “Самымі спартыўнымі” – Сідаравы, “Самымі маладымі” – Цыганковы.
Ну а перамогу і званне “Уладар сяла-2016” атрымала сям’я Бязрукавых.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2016 г.