2297 пар “шэрага” абутку
Наваполацкім міжраённым аддзелам фінансавых расследаванняў спынены незаконны ўвоз у Рэспубліку Беларусь буйной партыі абутку. “Шэры” тавар быў выяўлены ў грузавым аўтамабілі, які ехаў праз в. Кастрова Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Кошт 2297 пар абутку расійскай вытворчасці склаў 166,4 млн руб.
Як высветлілася, індывідуальны прадпрымальнік Б. транспартаваў груз па несапраўдных дакументах, а таксама без маркіроўкі абутку кантрольнымі знакамі. За дапушчаныя парушэнні на прадпрымальніка складзены адміністрацыйныя пратаколы па ч. 4 арт. 12.17, арт. 12.36 КаАП, таксама накладзены арышт на перавозімы абутак.
Па матэрыялах фінансавай міліцыі эканамічны суд Віцебскай вобласці прыцягнуў ІП да адміністрацыйнай адказнасці і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе штрафу ў суме 1,05 млн руб. з канфіскацыяй абутку.
Праверка “Рытуала” паказала…
Полацкім міжраённым камітэтам дзяржкантролю сумесна з Наваполацкім аддзелам фінансавых расследаванняў праведзена праверка спецыялізаванага камбіната грамадзянскага абслугоўвання “Рытуал”.
Праверкай выяўлены бескантрольнае і беспадстаўнае спісанне на прадпрыемстве гаруча-змазачных матэрыялаў, адсутнасць кантролю за складаннем пярвічных уліковых дакументаў, прыняцце да ўліку і аплаты камандзіровачных пасведчанняў пры неадпаведнасці ў іх месца камандзіроўкі і адзнакі пра месца знаходжання, у выніку чаго прадпрыемству быў учынены ўрон у суме 4,7 млн руб.
Прадпрыемства не працавала напрамую з вытворцамі дошак, а закупляла іх праз пасрэдніцкія структуры па завышаных цэнах.
Праверка прыродаахоўнага заканадаўства паказала, што без дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа і без атрымання лесарубных білетаў прадпрыемства незаконна знішчала дрэвы на могілках, размешчаных на тэрыторыі населеных пунктаў Полацкага раёна. Пры гэтым 300 м куб драўніны, атрыманай у 2013-2015 гг. ад зрэзкі дрэў, не былі адлюстраваны па ўліку.
У ходзе праверкі дырэктар спецкамбіната быў звольнены па заканчэнні тэрміну дзеяння кантракта. У адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты чатыры службовыя асобы прадпрыемства, разглядаецца пытанне аб прыцягненні вінаватых асоб да адміністрацыйнай адказнасці.
Урон на мільярды рублёў
Праверкай ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс” выяўлены шматлікія парушэнні патрабаванняў дзеючага заканадаўства, якія прывялі да прычынення ўрону на мільярды рублёў. Так, для разліку тарыфных акладаў спецыялістам райаграсэрвісу пры існуючай пратэрмінаванай запазычанасці па зарплаце ў парушэнне дзеючага заканадаўства прымянялася падвоеная тарыфная стаўка першага разраду. У выніку чаго залішне выплачана зарплата на суму больш за 1 млрд руб.
Таксама ў 2015 годзе сельгаспрадпрыемствам было рэалізавана насельніцтву 994 галавы буйной рагатай жывёлы жывой вагой 300 т па цэнах ніжэй сабекошту. Такім чынам прадпрыемству ўчынены ўрон у суме 2,5 млрд руб.
У адносінах да дырэктара прадпрыемства ўзбуджана крымінальная справа, кіраўнік вызвалены ад займаемай пасады.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2016 г.