Дошкольный театр? Реально — решили в Шумилинском детском саду №3

Культура Образование

Сцэна і кулісы, акцёры і актрысы…

Калі прыгажосць, творчасць, эстэтыка – то з дзяцінства. Так меркавалі педагогі ясляў-сада №3 г. п. Шуміліна, калі вырашылі паўдзельнічаць у абласным творчым праекце “Развіццё творчых здольнасцяў дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі тэатральна-гульнявой дзейнасці”.
Творчай групай педагогаў, якія працуюць у інавацыйным рэжыме, створана комплексная мадэль тэатралізаваных гульняў, сістэма педагагічных умоў, якія забяспечваюць развіццё дзяцей, атмасферу псіхалагічнага камфорту і бяспекі, актывізуюць творчыя здольнасці, магчымасці для самаразвіцця і самавыражэння дзетак. Пра гэта расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці і аўтар ідэі Галіна Аўтушка. Яна і запрасіла на фестываль “Тэатральны зарапад”, які стаў своеасаблівай творчай справаздачай.
Бацькі, госці і самі дзеці атрымалі сапраўднае задавальненне ад убачанага. Тэатр аднаго акцёра, танцавальныя кампазіцыі, лялечны спектакль, тэатральныя пастаноўкі – дзеці праявілі свае таленты ў розных жанрах сцэнічнага мастацтва. Застаецца толькі здагадвацца, якую карпатлівую папярэднюю работу трэба было правесці, каб у выніку атрымаўся такі сакавіты фестываль. Дэкарацыі, касцюмы, музычнае суправаджэнне – усё было, як у самых сапраўдных спектаклях,  на сапраўдных сцэнах. Дзеці  выдатна ўвайшлі ў вобразы і з радасцю прымалі шчырыя апладысменты.
Касцюмы педагогі шылі самі. “Перашылі ўсе свае дзявоцкія сукенкі”, – падзялілася Галіна Васільеўна. Асабліва ўразілі роставыя лялькі, створаныя спецыяльна для спектакля “Лясная гісторыя”. Функцыі дэкаратараў-афарміцеляў узялі на сябе Н. А. Сцяпанава, К. Я. Рабушава, Г. З. Якаўлева, К. М. Мясаедава. Мадэльерам касцюмаў выступіла В. М. Шаракова, праявілі свае здольнасці ў гэтай справе і многія іншыя педагогі. Цяпер у садзе ёсць касцюмы, лічы, усіх жывёл, якія звычайна выступаюць галоўнымі героямі казак. Касцюмы адмысловыя, якіх нідзе больш не сустрэнеш.
Думаецца, што паспрабаваўшы сябе ў ролі акцёраў, дзеці не захочуць спыняцца ў гэтым.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *