Адзін раз у два гады работнікі цэнтра дзяцей і моладзі ладзяць фестываль дзіцячай творчасці “Майскі зоркапад”. Падобнае мерапрыемства – своеасаблівая справаздача аб’яднанняў па інтарэсах, якія працуюць не толькі пры цэнтры, але і ў многіх школах раёна.
У гэтым годзе творчыя калектывы аб’яднанняў па інтарэсах (усяго 140 вучняў) паказалі свае здольнасці на сцэне СШ № 1. Дзеці спявалі, танцавалі, расказвалі вершы. Па словах метадыста цэнтра дзяцей і моладзі Тамары Мураўёвай, добра падрыхтаваліся да фестывалю аб’яднанні па інтарэсах цэнтра “Гном”, “Серпантын”, “Смяшарыкі”, “Вясёлыя ноткі”, а таксама харэаграфічны гурток і аб’яднанне “Непаседы” СШ № 2, школьны хор СШ № 1, аб’яднанні па інтарэсах “Вясёлыя ноткі” са Слабадской школы, “Вясёлка” з Мікіціхінскай СШ і “Музычная шкатулка” з Амбросавіцкай школы.
У фестывальнай выставе мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Дзяцінства шчаслівая краіна” прынялі ўдзел больш за сотню школьнікаў. Дарэчы, выстава і зараз працуе ў цэнтры дзяцей і моладзі. І яе можа наведаць любы жадаючы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 41 ад 27.05.2016 г.