В Шумилинском районе создаются новые профсоюзные первички

Общество Экономика

Ствараюцца новыя пярвічкі
Прафсаюзныя арганізацыі заўжды стаяць на варце інтарэсаў працаўнікоў. Таму яны ствараюцца на ўсіх прадпрыемствах, незалежна ад форм уласнасці. Вось і на мінулым тыдні адбыўся арганізацыйны сход працоўнага калектыву на прыватным прадпрыемстве “Іск-Поіск”. Дырэктар прадпрыемства Ігар Захараў падтрымаў прапанову старшыні Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнаўца стварыць на прадпрыемстве прафсаюзную арганізацыю. Васіль Васільевіч, трэба адзначыць, напярэдадні неаднойчы пабываў на гэтым прадпрыемстве, расказаў людзям пра выгоды прафсаюзнага жыцця, пра калектыўны дагавор, які абараняе працоўныя правы людзей. Напэўна, таму работнікі “Іск-Поіска” (іх усяго каля шасцідзесяці чалавек) практычна ў поўным саставе прагаласавалі за стварэнне на прадпрыемстве прафсаюзнай арганізацыі. Старшынёй прафкама быў абраны намеснік дырэктара прадпрыемства Ігар Селіванаў.
У гэты ж дзень адбылася сустрэча з калектывам прыватнага прадпрыемства “Славянскі прадукт”. В. В. Юхнавец адзначыў, што асноўнай мэтай дзейнасці прафсаюза з’яўляецца аб’яднанне яго членаў для абароны іх працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў.
Прычым, наймальнік набывае ў прафсаюзнай арганізацыі партнёра, здольнага актыўна ўплываць на культуру вытворчасці, захаванне правілаў і норм па ахове працы.
На сходзе прысутнічаў намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў А. В. Юсікаў. Аляксей Васільевіч расказаў, што абласная арганізацыя аб’ядноўвае 29 тысяч чалавек са 108 прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці. “Як паказвае жыццё, той калектыў, дзе ёсць прафсаюзная арганізацыя, больш дружны, – адзначыў А. В. Юсікаў. – Члены прафсаюза прымаюць удзел у розных спартакіядах, турнірах, конкурсах мастацкай самадзейнасці, ездзяць на адпачынак у прафсаюзныя санаторыі, на якія, дарэчы, існуюць льготы. Акрамя таго, любы член прафсаюза можа атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю ў прафсаюзных спецыялістаў і прававую дапамогу пры разглядзе пытанняў у судзе”.
Было бачна, што калектыў “Славянскага прадукту”  зацікавіла прафсаюзная тэма, бо людзі задавалі шмат пытанняў А. В. Юсікаву і В. В. Юхнаўцу. Дырэктар прадпрыемства І. Я. Палёхін  адзначыў, што ініцыятыва стварэння прафсаюзнай арганізацыі павінна ісці ад людзей, а ім трэба час, каб абдумаць такую прапанову. Думаецца, на арганізацыйным сходзе, які неўзабаве адбудзецца на “Славянскім прадукце”, работнікі будуць ужо выбіраць старшыню прафсаюзнай ячэйкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *