Обальшчыну аблюбавалі дачнікі

Актуалии Общество Президент Сельское хозяйство

Обальшчыну аблюбавалі дачнікі
12-13 мая на Обальшчыне ў рамках дня работы з насельніцтвам прайшлі сходы і сустрэчы з жыхарамі усіх населеных пунктаў савета. Групы ў складзе кіраўніцтва раёна, кіраўнікоў і спецыялістаў раённых службаў наведалі таксама пэўныя катэгорыі грамадзян: адзінокіх, ветэранаў вайны, інвалідаў, мнагадзетныя і сацыяльна нядобранадзейныя сем’і.
Група, якую ўзначальвала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, адправілася па маршруце Таўкачова-1, Тупічына, Беркавічы, Пагіршчына, Купніно, Гаравыя-2, Крупеніна, Задоры. Канчатковым пунктам стала вёска Грудзінава. Прыемна адзначыць, што вяскоўцы, нягледзячы на веснавыя агародныя клопаты, праявілі актыўнасць і прыйшлі на сходы. Прычым, шмат на сустрэчах было дачнікаў. Наогул, Обальскі сельсавет адрозніваецца ад астатніх, па-першае, самай вялікай колькасцю насельніцтва, а па-другое, колькасцю прыезджых на лета. Зараз, па падліках старшыні сельвыканкама М. А. Будневіча, дачнікаў 123 чалавекі.
У кожнай вёсцы былі наладжаны сустрэчы і абмеркаваны самыя розныя актуальныя тэмы. Ірына Мікалаеўна азнаёміла з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у раёне, начальнік РАНС А. І. Сасновіч правёў прафілактычныя гутаркі па пытаннях пажарнай бяспекі, начальнік аддзялення аховы, прафілактыкі і правапарадку РАУС В. М. Воранаў і псіхолаг ТЦСАН Л. М. Забаўская падалі інфармацыю па сваёй сферы дзейнасці.
У сваю чаргу вяскоўцы дзяліліся  праблемамі. Практычна ў кожнай вёсцы выказвалі незадаволенасць работай аўталаўкі, надта бедным асартыментам тавараў.
У Тупічыне, акрамя ўсяго, вельмі прасілі па магчымасці на летні перыяд прадоўжыць літаральна на кіламетр маршрут аўтамагазіна да Абалянкі. У Талкачове-1 хвалілі за чуласць і спагадлівасць сацыяльнага работніка Сяменчык Таццяну Іванаўну, якая абслугоўвае трох грамадзян паважанага ўзросту, а яшчэ прасілі зрабіць падсыпку дарогі да вёскі. Просьба прагрэйдзіраваць дарогу прагучала і ў Крупеніне. У Беркавічах паўстала пытанне па несанкцыянавай звалцы, якую “арганізавалі” самі ж вяскоўцы. Падчас сходу на месцы разам вырашалі, як выправіць сітуацыю.
Аднак самая вялікая праблема чакала ў Гаравых-2. Літаральна за вясну работнікі меліярацыйнага прадпрыемства суседняга раёна (па перакананнях вяскоўцаў – Лепельскага) з дарогі зрабілі невядома што. Цяпер не тое, што на машыне не праедзеш, а і на трактары наўрад ці (на здымку). Чатыры сям’і, можна сказаць, аказаліся адрэзанымі ад свету. Жанчыны, якія прыйшлі на сустрэчу, не хавалі свой адчай і боль. Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава запэўніла, што дарогу ў самы бліжэйшы час прывядуць у парадак.
Усе пытанні, якія былі ўзняты вяскоўцамі падчас правядзення сустрэч, будуць накіраваны адпаведным службам для рэагавання і прыняцця рашэння.
У чацвер на Обальшчыне пройдзе Дзень прафілактыкі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №38 ад 17.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *