Да высокага ўзгорку ля вёскі Паперына, што на Ушаччыне, вядзе прамая, нібы страла, дарога. На вяршыні – бронзавая фігура партызана, які быццам грудзямі прабіў, прарваў сцяну фашысцкай блакады. Па абодвух баках дарогі назвы 16 партызанскіх брыгад, што ўдзельнічалі ў абароне Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, пра іх нагадваюць і 16 дубоў, пасаджаных на ўзгорку. На верхняй пляцоўцы, вакол вечнага агню – мемарыяльныя пліты з імёнамі 1450 партызан, загінуўшых у абарончых баях. 450 байцоў, якія загінулі ў баі 5 мая 1944 года, знайшлі вечны спакой у брацкай магіле. Усё гэта – мемарыяльны комплекс “Прарыў”.
9 мая на ўрачыстае адкрыццё рэстаўраванага комплексу “Прарыў” ва Ушацкі раён прыбылі дэлегацыі з усіх раёнаў і гарадоў Віцебшчыны. Самая шматлікая – дэлегацыя Шумілінскага раёна, у складзе якой былі 20 чалавек – прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Перад ад’ездам ва Ушачы дэлегацыя на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай усклала кветкі да вайсковых могілак у Шуміліне.
Рознакаляровая вясёлка сцягаў гарадоў і раёнаў, каля трох тысяч жыхароў і гасцей Ушаччыны запоўнілі дарогу да памятнага месца ў святочны дзень. Выступаючы на мітынгу, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў нагадаў пра подзвіг народа, які паўстаў супраць захопнікаў. Партызанскай рэспублікай называлі нашу краіну ў гады вайны, нельга ацаніць уклад беларускага народа ў перамогу над фашызмам. “Прарыў” – гэта сімвал стойкасці і мужнасці народа.
Успамінамі пра баявыя будні падзяліўся ветэран вайны, удзельнік партызанскага прарыву Дзям’ян Крупеня.
“Праз мільёны смерцяў, голад і смагу некалькі гадоў ішоў наш народ да гэтага святога дня, Дня Перамогі. Нізкі паклон і вечная памяць героям тых гадоў. 9 мая – значны дзень і ў нашай гісторыі, і ў нашай сучаснасці. Гэта падзея не можа быць падвержана карозіі часу і палітычнай дэвальвацыі, бо ў ёй сам дух нашага народу”, – адзначыў у сваім выступленні архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
У мітынгу бралі ўдзел памочнік прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк, адзін з аўтараў мемарыяла архітэктар Юрый Градаў. Удзельнікі ўрачыстасцяў усклалі кветкі да вечнага агню і мемарыяльных пліт з імёнамі партызан.
Незабыўныя ўражанні пакінулі Музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка ва Ушачах, экскурсія па святочным райцэнтры.
Полацка-Лепельская партызанская зона была створана ў 1942 годзе, 1220 населеных пунктаў, 3,2 тысячы кв. км былі вызвалены ад ворага. 16 партызанскіх брыгад, сярод якіх былі і шумілінскія брыгады імя Леніна і імя Кароткіна, нападалі на чыгункі і варожыя гарнізоны, праводзілі рэйды па тылах нямецкай арміі. У снежні 1943 – лютым 1944 года гітлераўцы пяць разоў спрабавалі прарваць абарону, але партызаны адбілі атакі. Вясной 1944 года фашысты арганізавалі карныя аперацыі “Вясенняе свята” і “Лівень”. Супраць партызан выставілі 60 тысяч вайскоўцаў, 137 танкаў, 235 гармат, 70 самалётаў, 2 бронецягнікі. 11 красавіка пачалося нямецкае наступленне, і да канца красавіка карнікам ўдалося сціснуць кола акружэння на захадзе ад Ушачаў. 5 мая 1944 года, пасля дваццаці пяці дзён абароны, партызаны на чале з Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Лабанком прарвалі нямецка-фашысцкую блакаду, вывелі з акружэння каля 15 тысяч мірных жыхароў.
У 1974 годзе на месцы прарыву быў адкрыты мемарыяльны комплекс. У 2015 годзе пачаліся работы па рэстаўрацыі комплексу, на гэтыя мэты былі накіраваны грошы, заробленыя падчас рэспубліканскіх суботнікаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №37 ад 13.05.2016 г.