Слава героям! Слава міру! Слава жыццю!
Сонца ў небе, сонца ў сэрцы кожнага з нас – мы гучна і радасна адзначылі 71-ю гадавіну Вялікай Перамогі. У гарадах і вёсках, у вялікіх шумных кампаніях і на ціхіх сямейных сустрэчах, на брацкіх пахаваннях і ля магіл невядомых салдат, углядаючыся ў пажаўцелыя фотаздымкі франтавікоў і слухаючы ваенныя песні – нас зноў аб’яднала 9 мая, мы зноў адчулі еднасць з мільёнамі чалавек, якія ў гэты дзень, як і мы, плачуць і радуюцца.
Гады не лечаць гэтыя раны
Яны здабывалі для нас Перамогу, яны дакладна ведаюць кошт міру і свабоды. І хочацца толькі аднаго: каб яны яшчэ пажылі, парадаваліся сонцу, квітнеючай прыродзе, стабільнасці і міру. Ветэраны. З асколкамі ў сэрцах, са спакутаванымі душамі, загартаваныя вайной. 9 мая яны – галоўныя героі.
Мікалай Мікалаевіч Чапурноў сустракаў гасцей, якія прыбылі на чале з кіраўніком раёна Аляксандрам Снаравым, дома. І нагода для такога прадстаўнічага візіту важкая: франтавік, які з баямі дайшоў да Кёнігсберга, мае шмат ганаровых узнагарод, 9 мая яшчэ адзначыў і 90-годдзе. Аляксандр Іванавіч павіншаваў ветэрана з юбілеем, падзякаваў за Перамогу, пажадаў моцнага здароўя. Старшыня ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, прадстаўнікі лясгаса, дзе Мікалай Мікалаевіч працаваў, іншыя госці зычылі ветэрану здароўя, сілы, добрага настрою, дарылі кветкі і сувеніры.
На традыцыйную сустрэчу з кіраўніцтвам раёна прыехала ў гэты раз чацвёра ветэранаў Вялікай Айчыннай: Раіса Міхайлаўна Бяззубенка, Кацярына Васільеўна Мацвеенка, Дзмітрый Іванавіч Бандарэнка, Алена Нікадзімаўна Пятрова. За святочным сталом успаміналі, як некалі збіралася вялікая кампанія, прымалі словы віншаванняў ад кіраўніка раёна, уздымалі сімвалічныя сто грамаў за Перамогу, згадвалі вайну, гаварылі пра сучаснае жыццё.
“Хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу”
З вышыні прайшоўшых дзесяцігоддзяў мы ўсё больш выразна ўсведамляем, што прыйшлося перажыць ветэранам, з чым прыйшлося сутыкнуцца. Па жорсткасці, колькасці ахвяр і маштабах разбурэнняў гэтай вайне няма роўных у гісторыі. 9 мая не толькі нас аб’ядноўвае, але яшчэ і прымушае раўняцца на сваіх дзедаў і прадзедаў”, – сказаў, адкрываючы мітынг на вайсковых могілках у райцэнтры, Аляксандр Снараў.
Вайна прайшла па Шуміліншчыне, пакінуўшы за сабой спапялёныя вёскі, асірацелыя хаты, скалечаныя лёсы, гора і разбурэнне. Кожны сантыметр зямлі паліты крывёю салдат-вызваліцеляў, і ніхто з нас не мае права забыцца на іх подзвіг, не перадаць гэтыя памяць і ўдзячнасць сваім нашчадкам. І нашы героі будуць жыць вечна, будуць заўжды ў страі, у бессмяротным палку. У рамках акцыі “У страі заўжды, у памяці навечна” разам на мітынгу нябачна прысутнічалі 20 Герояў Савецкага Саюза, 13 з іх знайшлі вечны супакой на шумілінскай зямлі, іх імёны носяць вуліцы ў Шуміліне, Обалі, вёсках раёна.
“І сёння раненні нагадваюць пра сябе, – выступаючы ад імя вызваліцеляў, падзя-ліўся ветэран вайны Дзмітрый Іванавіч Бандарэнка. – Мы застаёмся ў страі і працягваем несці праўду пра вайну нашай моладзі”. Ветэран выказаў упэўненасць у тым, што нашчадкі заўжды будуць памятаць пра тых, хто адстаяў незалежнасць Айчыны. Гэта ад імя моладзі раёна паабяцаў член маладзёжнага савета Яўген Усцюгоў, звяртаючыся да ветэранаў.
Многія ў гэты дзень прыехалі з рэгіёнаў Беларусі, з Масквы да магіл сваіх родных.
У парку – весела і ўрачыста
Гэта свята абавязана быць радасным і гучным. А таму ў гарадскім парку да вечара не змаўкалі песні, не разыходзіліся людзі – святкавалі. Ля гісторыка-краязнаўчага музея працавала палявая ваенная кіназала. Упершыню тут размясцілася ваенная палатка, дзе можна было не толькі паглядзець кіно, але і адпачыць у цені, пацікавіцца ваеннымі экспазіцыямі. Тут жа размясцілася выстава “… І зноў май, салют, Перамога”. У парку можна было набыць вырабы Цэнтра дзяцей і моладзі, паўдзельнічаць у флэш-акцыях, узяць майстар-клас. Працавалі выставы бібліятэкі, ТЦСАН, спявалі песні ваенных гадоў удзельнікі літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”.
Як заўжды, людна было каля пляцовак Дома рамёстваў. “Салдацкі паёк” прапаноўвала “Разынка” – ячная каша, хлеб, сала. Цікавіліся людзі і вырабамі народнай творчасці. Цэнтральнай падзеяй стаў тэатралізаваны канцэрт “Дарогамі вайны”. На стадыёне і ў парку ладзіліся спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы.
Агітпрабег у Обалі
7 мая ў Обалі прайшоў агітацыйны прабег па маршруце Обаль – Плігаўкі – Гаравыя – Обаль, у якім удзельнічалі вучні Обальскай школы, настаўнікі і бацькі. У Плігаўках на магілу невядомага салдата яны паклалі кветкі. Завіталі і да ветэрана вайны К. В. Мацвеенкі (на здымку).
Абяцаем жыць!
мы старанна падлічваем гады і дзесяцігоддзі міру, мы схіляем галовы перад ветэранамі, жывымі і мёртвымі; мы саджаем яблыневыя сады як сімвал свабоды і незалежнасці, мы даглядаем помнікі, працягваем шукаць магілы родных, што не вярнуліся з вайны; мы радуемся 9 мая так, быццам Перамога здарылася зусім нядаўна, і мы яшчэ не ўсвядомілі гэтую вялікую радасць. Мы ўсё памятаем і верым у лепшае, мы абяцаем жыць дзеля сваёй краіны, вёсачкі, дзеля сваёй сям’і.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №37 ад 13.05.2016 г.