Вуліца імя…
ЛАСКУНОЎ Мікалай Аляксеевіч нарадзіўся 4 (17) мая 1911 года ў в. Станіславова. У Чырвонай Арміі з 1939 года. З 1931 года ў ВКП(б). У 1934 годзе закончыў ваенную школу сувязі, у 1941 – Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе. Удзельнік савецка-японскай вайны 1945 года. Намеснік начальніка аператыўнага аддзела штаба 15-ай арміі 2-га Далёкаўсходняга фронту падпалкоўнік Мікалай Ласкуноў вызначыўся 11 жніўня 1945 года.
З важным баявым загадам Ваеннага савета арміі вылецеў у злучэнне, якое вяло бой з часцямі японскай Квантунскай арміі за г. Фуцзінь (Кітай). Пры пасадцы самалёт быў падбіты. Цяжка паранены Мікалай даставіў загад па прызначэнні. У той жа дзень памёр ад ран, але баявую задачу выканаў.
Пахаваны ў г. Фуцзінь (Кітай). Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена пасмяротна 8 верасня 1945 года.
Імя М. А. Ласкунова носіць вуліца ў аграгарадку Мікіціха.
* * *
АФАНАСЬЕЎ Фёдар Трафімавіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Чуваш. Закончыў 8 класаў школы, ФЗУ. Працаваў у Ленінградзе. Прызваны ў армію ў 1942 годзе ў Куйбышаўскай вобласці. Пасля заканчэння Куйбышаўскага пяхотнага вучылішча накіраваны на фронт. З сакавіка 1944 года гвардыі лейтэнант Афанасьеў камандуе ротай 201-га гвардзейскага стралковага палка 67-ай гвар-дзейскай стралковай дывізіі.
22 чэрвеня 1944 года рота 67-ай гвардзейскай стралковай дывізіі перайшла ў наступленне. Рота Афанасьева ўварвалася ў варожыя акопы і замацавалася. На працягу двух сутак адбіла 15 контратак праціўніка і ўтрымала пазіцыі. Пры далейшым прасоўванні рота адной з першых выйшла да Заходняй Дзвіны, з ходу на дапаможных сродках фарсіравала раку і захапіла плацдарм на левым беразе. У ходзе бою за пашырэнне плацдарма Фёдар Афанасьеў загінуў. Пахаваны на воінскіх могілках у Тропіне. Яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Імем Ф. Т. Афанасьева названа вуліца ў аграгарадку Слабада.
* * *
ВІНЕР Леанід Леанідавіч нарадзіўся 4 сакавіка 1922 года ў Херсоне ў сям’і рабочага. Украінец. Закончыў школу №6 у Херсоне, затым рамеснае вучылішча №3, працаваў на заводзе токарам.
У жніўні 1941 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. З сакавіка 1942 года – на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у бітве за Каўказ. Да лета 1944 года гвардыі старшы сяржант Леанід Вінер камандаваў аддзяленнем аўтаматчыкаў 34-й гвардзейскай асобнай танкавай брыгады 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За адвагу”.
У час аперацыі “Баграціён” танкавая брыгада падышла да Заходняй Дзвіны на падыходах да райцэнтра Ула. Аддзяленню Вінера даручылі разведаць брод і сілы праціўніка. Пад агнём фашыстаў яны зрабілі сваю справу – разведалі пераправу для танкаў, выявілі агнявыя кропкі праціўніка. Старшы сяржант аддаў загад свайму падраздзяленню пераправіцца на свой бераг, а сам застаўся прыкрываць адход. Асколак снарада, што разарваўся побач, спыніў жыццё Леаніда Вінера.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 ліпеня 1944 года за “ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм” гвардыі старшы сяржант Леанід Вінер пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Імем Леаніда Вінера названа вуліца ў аграгарадку Кардон.
Ульяна ПУШКАРОВА, вучаніца Мішкаўскай д/с-БШ.
Надрукавана ў № 36 ад 06.05.2016 г.