Президиум Шумилинского райсовета рассмотрел вопрос социального обслуживания населения, обсудил работу религиозных организаций

Актуалии Общество Президент

Служба надзвычай важная і запатрабаваная
Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сёлета спаўняецца 15 год. За час работы гэта служба гучна і сур’ёзна заявіла пра сябе, пацвердзіўшы важнасць і неабходнасць свайго існавання, а таксама праводзімай работы па аказанні дапамогі сацыяльна неабароненай катэгорыі насельніцтва.. Прычым з года ў год ТЦСАН, дзякуючы мэтанакіраванай і прадуманай рабоце, пашырае спектр паслуг, уводзіць новыя формы і метады работы. Усё гэта дае свой плён. З такім уступным словам выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава на пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў перад пачаткам абмеркавання пытання “Аб рабоце дзяржаўнай установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна» па аказанні паслуг насельніцтву, рабоце па сацыяльнай абароне ветэранаў, інвалідаў, сем’яў загінуўшых, адзінокіх і састарэлых грамадзян».
З дакладам па абмяркоўваемай тэме выступіла дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро. Па словах Валянціны Рамуальдаўны, на сённяшні дзень асноўныя мэты і задачы цэнтра рэалізуюць 107 чалавек. У цэнтры функцыянуюць 6 аддзяленняў: тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання; пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання; сацыяльнай дапамогі на даму; сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў; для грамадзян сталага ўзросту; а таксама аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў.
На 1 красавіка на ўліку ў цэнтры знаходзілася 5038 пенсіянераў, з іх 428 адзінокіх грамадзян; 4610 адзінока пражываючых; 29 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і прыроўненых да іх катэгорый (6 інвалідаў вайны, 16 удзельнікаў вайны,  6 асоб, узнагароджаных ордэнамі і медалямі), 54 былыя вязні фашысцкіх канцлагераў. У полі зроку работнікаў сацыяльнай службы – інваліды, адзінокія і састарэлыя грамадзяне, малазабяспечаныя, мнагадзетныя, тыя, хто па той ці іншай прычыне трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.
Безумоўна, асаблівая ўвага ўдзяляецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, адзначыла В. Р. Штуро. Штогод работнікі цэнтра праводзяць абследаванні матэрыяльна-бытавых умоў пражывання ветэранаў, распрацоўваюць план мерапрыемстваў па аказанні канкрэтнай дапамогі. На падставе вынікаў абследавання сфарміраваны і падтрымліваецца ў актуальным стане банк дадзеных.
За 2015 год 78 ветэранам і вязням аказана дапамога на суму 22 млн. рублёў. У рамках правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, была арганізавана дастаўка і ўручэнне 38 харчовых набораў для ветэранаў.
Распрацавана Комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання непрацуючых адзінокіх пажылых грамадзян, адзінокіх інвалідаў 1 і 2 груп, грамадзян, якія па пэўных жыццёвых абставінах маюць вострую патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы.
Неацэнная роля сацыяльных работнікаў (зараз іх у ТЦСАН 67 чалавек). Сацыяльную дапамогу на даму атрымліваюць 516 чалавек у 94 населеных пунктах (у іх ліку 69 аддаленых і маланаселеных вёсак). Надзвычай запатрабавана аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў у Мішневічах.
ТЦСАН не стаіць на месцы, зазначыла дакладчык. Час прымушае пашыраць спектр паслуг, укараняць новыя формы і метады работы. Толькі за апошні час арганізаваны і функцыянуюць так званыя “санаторый на даму”, “прыёмныя” і “патранатныя” сем’і, “дамы зімоўкі”. У 1 квартале 2016 года створаны афіцыйны сайт цэнтра, на якім адлюстравана ўся інфармацыя аб парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслуг, праводзімых мерапрыемствах, расцэнкі па аказанні сацыяльных паслуг і г. д.
Падводзячы вынікі, І. М. Новікава выказала спадзяванне на далейшую яшчэ больш плённую і выніковую работу ТЦСАН. Сапраўды, служба гэта вельмі важная, неабходная і запатрабаваная ў нашым грамадстве.
Па абмяркоўваемым пытанні быў прыняты адпаведны праект пастановы.

Канфесійная сітуацыя стабільная і кіруемая
Другое пытанне, якое было разгледжана на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, – “Аб рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 1992 года  «Аб  свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях» на тэрыторыі Шумілінскага раёна». З дакладам выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. В. Шаўцова.
“Дзейнасць  раённага выканаўчага камітэта ў сферы дзяржаўна-царкоўных адносін ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”, – зазначыла ва ўступным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. – Мы маем магчымасць канстатаваць, што этнаканфесійная сітуацыя на тэрыторыі раёна, між іншым, як і ва ўсёй краіне, стабільная і кіруемая, характарызуецца міжрэлігійным мірам і ўзаемацярпімасцю веруючых у адносінах да прадстаўнікоў іншых канфесій. Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў вядуць зацікаўлены дыялог з рэлігійнымі арганізацыямі, што дзейнічаюць на тэрыторыі раёна”.
Дзяржава не ўскладвае на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў іх дзейнасць, калі яны не супярэчаць заканадаўству краіны. Аднак органы кіравання надзелены правам ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю такіх арганізацый, пры райвыканкаме створана адпаведная камісія. З гэтай нагоды пытанне і вынесена для абмеркавання.
“У раёне дзейнічае 16 рэлігійных абшчын трох канфесій: праваслаўе – 8, каталіцызм – 4, пратэстантызм – 4 (евангельскіх хрысціян баптыстаў – 2, хрысціян веры евангельскай і хрысціян поўнага евангелля), – паведаміла Л. В. Шаўцова. – Большасць жыхароў раёна праваслаўнай веры.  Праваслаўныя прыходы дзейнічаюць у г. п. Шуміліна (Свята-Мікалаеўская, Свята-Ула-дзімірская, прападобнага мучаніка Афанасія Брэсцкага), г. п. Обаль (Свята-Ануфрыеўская), на тэрыторыях Лаўжанскага (Свята-Успенская, Свяціцеля Мікіты Наўгародскага), Светласельскага (Свята-Сергіеўская), Мішневіцкага (Свята-Ільінская) сельсаветаў”. Па словах Людмілы Васільеўны, не вырашана праблема забеспячэння рэлігійнай абшчыны Прыходу храма Святога прарока Іліі культавым будынкам на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета.
Другой па колькасці і значнасці з’яўляецца каталіцкая царква. Рымска-каталіцкія абшчыны дзейнічаюць у г. п. Обаль (Святога Вінцэнта дэ Поль), на тэрыторыі Светласельскага (Маці Божай Фацімскай) і Мікалаеўскага (Сашэсця Святога Духа, Святога Апостала Фамы і святога Іаана Боска) сельсаветаў.
4 пратэстанцкія рэлігійныя абшчыны дзейнічаюць у г. п. Шуміліна (евангельскіх хрысціян баптыстаў «Хрысціянская царква «Уцяшэнне», хрысціян веры евангельскай «Евангельская церковь «Благодать»), г. п. Обаль (евангельскіх хрысціян баптыстаў «Евангельскія хрысціяне баптысты «Ражджаство»), в. Пабеда (хрысціян поўнага евангелля «Царква Пабеда Ісуса Хрыста»).
Усе рэлігійныя арганізацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе Статутаў, зацверджаных іх заснавальнікамі. Незарэгістраваных рэлігійных арганізацый і сект на тэрыторыі раёна няма.
Асобна было абмеркавана пытанне будаўніцтва царквы Святога Мікалая Цудатворцы ў райцэнтры.  Каля чатырох год будуецца храм агульнымі сіламі. Па падліках Л. В. Шаўцовай, за ўвесь перыяд будаўніцтва сабрана ахвяраванняў на агульную суму каля 1 мільярда рублёў.
Разам з тым, ёсць некаторыя пытанні, якія патрабуюць вырашэння і карэкціроўкі. У прыватнасці, ёсць пытанні ў добраўпарадкаванні тэрыторый асобных культавых аб’ектаў, патрабуе актывізацыі  работа рэлігійных абшчын па пераафармленні праваўстанаўліваючых дакументаў на некаторыя будынкі і зямельныя ўчасткі.
Гэтыя і многія іншыя пытанні знайшлі адлюстраванне ў прынятай пастанове.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *