Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні, якія адбыліся за тыдзень на тэрыторыі раёна, расказаў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Рыгоравіч Дзмітрэнка.
Паліва
У міліцыю звярнуўся жыхар райцэнтра, які расказаў, што з паліўнага бака ягонага вялікагрузнага аўтамабіля ДАФ нехта зліў 60 літраў саляркі. Праз некалькі дзён з гэтага ж аўтамабіля ноччу прапала яшчэ 50 літраў паліва. Міліцыянеры знайшлі злачынцу, ім аказаўся раней судзімы жыхар райцэнтра. Вінаваты прызнаўся ў крадзяжы. Узбуджана крымінальная справа.
Веласіпед
З пад’езда шматкватэрнага дома, які размешчаны ў завулку Угнявёнка, знік веласіпед. Яго кошт ацэнены ў 1,3 мільёна рублёў. Злачынцу пагражаюць грамадскія работы або штраф, або папраўчыя работы, або арышт, або абмежаванне волі да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Сала
Жыхар Шуміліна сумесна са знаёмым з Гарадоцкага раёна абрабаваў падвал жыхаркі райцэнтра, вынеслі шэсць трохлітровых слоікаў з салам і бульбу. Урон ацэнены на 1,6 мільёна рублёў. Злодзеям пагражае штраф або папраўчыя работы да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі да 4 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Снарад
У лясным масіве ля в. Мясаедава знойдзены снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Снарад знішчаны сапёрамі.
Са зводак ДАІ
Без правоў
Супрацоўнікі ДАІ на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне спынілі грама-дзяніна Расійскай Федэрацыі, які ехаў на асабістым аўтамабілі “Акура” без правоў кіравання. Як высветлілася, у мінулым годзе мужчына быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры гады за тое, што сеў за руль аўто ў стане алкагольнага ап’янення. Але мужчына не здаў расійскія вадзіцельскія правы. Іх канфіскавалі. З гэтага дня тэрмін пазбаўлення вадзіцельскіх правоў парушальніка лічыцца нанова.
Перадала руль мужу
Жыхарка в. Бараноўскія, якая ехала на асабістай легкавушцы па в. Мікалаева, перадала права кіравання свайму мужу. А ён быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў. На мужа і жонку складзены адміністрацыйныя пратаколы. Ім пагражае штраф у суме памерам да 42 БВ.
Нецвярозы
Механізатар УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” у стане алкагольнага ап’янення сеў за руль МТЗ. Як высветлілася, такое парушэнне ўжо трэцяе ў ягонай біяграфіі. Мужчыну пагражае штраф да 100 БВ і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
На хуткасці
Жыхар Шуміліна, кіруючы службовым аўтамабілем, паўторна на працягу года парушыў дапушчальную хуткасць руху больш як на 20 кіламетраў у гадзіну. Мужчына пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на паўгода.
Заднім ходам
Жыхар раёна пры руху заднім ходам на аўтамабілі ІЖ-412 на аўтазаправачнай станцыі ў Шуміліне наехаў на аўтамабіль ВАЗ-2105. Абе-дзве машыны пашкоджаны. Парушальніку пагражае штраф да 5 БВ.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.