Вуліца імя…
Памяць пра подзвіг нашых дзядоў ніколі не згасне. Яна захоўваецца ў нашых сем’ях, перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Вучаніца Мішкаўскай дзіцячы сад-базавай школы Ульяна Пушкарова пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Л. У. Васільевай сабрала матэрыялы пра Герояў Савецкага Саюза, чые імёны носяць вуліцы нашых пасёлкаў і вёсак.
Хамянкоў Мікалай Нікіфаравіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў в. Ад’езжае Барацінскага раёна Калужскай вобласці. Захавалася яго адзіная дзіцячая фатаграфія. У чэрвені 1942 года камсамолец Хамянкоў быў прызваны ў армію, стаў наводчыкам супрацьтанкавага ружжа. Ваяваў камсамолец Хамянкоў бяс-страшна, быў пяць разоў паранены, узнагароджаны ордэнам Славы III ступені. У сакавіку 1944 года стаў кандыдатам у члены ВКП(б). У маі 1944 года гвардыі радавы Мікалай Хамянкоў ваяваў у 1-м стралковым батальёне 272-га гвардзейскага стралковага палка 90-й гвардзейскай стралковай дывізіі 6-й арміі на 1-ым Прыбалтыйскім фронце.
22 чэрвеня некалькі падраздзяленняў пачалі разведку боем у раёне в. Карташы Сіроцінскага раёна з мэтай прарваць абарону праціўніка. У перадавой 171-й роце быў забіты камандзір, і рота залягла. Узнікла магчымасць зрыву баявой задачы. У гэтай сітуацыі камуніст Хамянкоў папрасіў дазволу ўзначаліць роту. З крыкам “За Радзіму! Уперад!” ён першым падняўся ў атаку, за ім – астатнія байцы. Лінія абароны немцаў была прарвана. У канцы бою Мікалай Хамянкоў паў смерцю храбрых. За гэты бой яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пахаваны ў в. Тропіна.
Імя Героя Савецкага Саюза М. Н. Хамянкова носіць вуліца ў аграгарадку Светласельскі.
(Працяг будзе).
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 32 ад 22. 04. 2016 г.