У пятніцу, 15 красавіка, у актавай зале СШ №1 прайшоў раённы злёт выпускнікоў “Дарогі, якія мы выбіраем…”, на які з’ехаліся выпускнікі з усяго раёна. Гэта традыцыйнае мерапрыемства, якое ладзіцца з удзелам кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў вядучых раённых прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама навучальных устаноў краіны, якія зацікаўлены ў старанных, гатовых спазнаваць прафесію студэнтах.
Кіраўнік раёна Аляксандр Снараў ацаніў сур’ёзнасць выбару, які стаіць сёння перад выпускнікамі. Ён адзначыў выгаднае геаграфічнае становішча раёна і магчымасць выбіраць паміж вучэбнымі ўстановамі, якія знаходзяцца не далёка ад дома – Віцебску, Полацку, Гарадку… Але ў той жа час перад шумілінскімі выпускнікамі адкрыты дзверы ўсіх вучэбных устаноў краіны. Ён акцэнтаваў увагу на тых прафесіях, якія сёння запатрабаваны на рынку Шуміліншчыны. Наш раён сельскагаспадарчы, а таму заатэхнікі, ветурачы, інжынеры, механікі ніколі не застануцца без працы.
Кіраўнік раёна прызнаўся дзецям, што сам заканчваў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны і ўпэўнены, што выпускнікі гэтай ВНУ сёння знаходзяцца на вядучых пазіцыях ва ўсіх галінах навукі і эканомікі краіны. “Нам патрэбны прадстаўнікі многіх прафесій, у тым ліку, напрыклад, выкладчыкі-трэнеры, асабліва ўлічваючы тое, што хутка на базе ДзЮСш адкрыецца школа лёгкай атлетыкі. Сёння раён ганарыцца дзецьмі, якія ўдзельнічаюць у турнірах рэспубліканскага значэння па валейболе. Вялікія дасягненні ёсць і ў грэка-рымскай барацьбе”, – гаварыў Снараў. – Вы нам патрэбны, мы вас чакаем”. Ён заўважыў, што ў раёне актыўна будуецца жыллё і робіцца ўсё магчымае, каб маладым спецыялістам, якія прыходзяць у раён, было дзе жыць.
“Няважна, кім вы будзеце, але вы абавязкова павінны быць прафесіяналамі”, – сказаў, звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, Юрый Сямёнаў, кіраўнік СФГ “Раднік”. Як чалавек, які ўжо шмат год з поспехам займаецца любімай справай, ён даў маладым некалькі парад, любую з якіх можна браць за жыццёвы дэвіз і дабіцца высокіх вынікаў. Ён прызваў іх максімальна ўзяць ад вучобы, заўважыў, што бесталковыя спецыялісты сёння не патрэбны нікому. На стале заўсёды павінна ляжаць кніга. Нястомная работа, пастаяннае самаўдасканаленне, сумленнасць абавязкова забяспечаць дабрабыт, але танных грошай не бывае. Юрый Віктаравіч выказаў гатоўнасць да зацікаўленай гутаркі на тэму фермерства.
Прадстаўнікі навучальных устаноў правялі прэзентацыі, расказалі пра перавагі вучобы менавіта ў іх альма-матар, пра ўмовы паступлення, раскрылі магчымасці, якія дае дыплом іх установы.
Варта заўважыць, што многія сярэднія спецыяльныя ўстановы прадастаўляюць сваім навучэнцам не толькі жыллё, але і паўнацэннае трохразовае харчаванне, а некаторыя – яшчэ і падвоз. Гэта таксама вельмі важна. Стала зразумела, што каледж гэта ці ВНУ – усюды можна атрымаць якасную адукацыю, стаць прафесіяналам.
Хочацца заўважыць, што на такія сустрэчы можна запрашаць і бацькоў выпускнікоў – часта яны прымаюць самы актыўны ўдзел у выбары прафесіі сваімі дзецьмі. Але ж многія госці запрасілі выпускнікоў на дні адчыненых дзвярэй у свае ўстановы, якія будуць ладзіцца ў красавіку-маі. Хоць часу для выбару засталося зусім крыху, але ён ёсць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2016 г.