Крестьянско-фермерское хозяйство «Родник» посевные работы ведёт в темпе

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

СФГ “Раднік”: вясеннія работы. Уласныя справы могуць пачакаць
У СФГ “Раднік” яравы клін у гэтым годзе складае 550 гектараў. Мяркуюць засеяць 350 гектараў ячменю, па сто гектараў гароху і бобу.
На палетках зараз поўным ходам кіпіць работа. “Восенню добра папрацавалі па ўздыму зябліва, таму цяпер трэба ўзараць толькі 200 гектараў, – расказала аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун. – Думаю, з гэтай работай справімся хутка. Паралельна вядзём падкормку азімых зерневых і пашаў. Нашы механізатары працуюць з плугамі і чызелямі, вядзецца і сяўба зерневых – сеялкі працуюць ля Надзежына”.
Падчас нашага прыезду на палетках кіпела работа: Арцём Шэндзюкоў падвозіў насенне ячменю, Аляксандр Лапавухаў засыпаў яго ў пасяўны агрэгат, а Валерый Шэдзько (на здымку) сеяў. “За дзень засяваю па 20-25 гектараў,  – расказаў Валерый. –  Вельмі падабаецца працаваць з сеялкай. Ля Дзвіны землі лёгкія, глеба рассыпчатая і сухая – умовы надвор’я спрыялі гэтаму. Сёлета мы выехалі на палеткі амаль на тыдзень раней, чым у мінулым годзе – пачалі сеяць 6 красавіка. Вядома, напярэдадні палеткі падрыхтавалі да сяўбы мае калегі з плугамі, чызелямі і баронамі. У гаспадарцы вопытныя і старанныя  механізатары, кожны разумее, што галоўнае зараз – палявыя работы, а ўласныя справы могуць і пачакаць”.

У разгары пераборка бульбы
Тыдні два таму ў СФГ “Раднік” пачалі перабіраць бульбу. Работы вядуцца ў бульбасховішчах Галі і Макаўе. Кожны дзень да сямі гадзін вечара на пераборцы працуюць па 25-30 чалавек з навакольных вёсак.
У пераборцы задзейнічаны і бульбасартавальны агрэгат, які ўсталяваны ў арачніку ў Галях. Аграхімік “Радніка” В. У. Мугака расказаў, што кожны дзень механізавана перабіраюць па 30 тон бульбы.  “На 150 гектараў, якія адвялі ў гэтым годзе пад бульбу, трэба падрыхтаваць 600 тон насення, – расказаў Віталь Уладзіміравіч. – Пакуль перабрана толькі палова. 200 тон гаспадарка будзе прадаваць у сваім раёне і за межы вобласці”. Дарэчы, па заказах гандлёвых прадпрыемстваў перабіраюць і буйную бульбу. Яе ў гаспадарцы каля 200 тон. Бульбу купляюць розныя раёны Віцебшчыны, а таксама расіяне.
Да канца тыдня, па словах агранома Л. М. Прыгун, пачнуць саджаць першыя гектары бульбы. “У гэтым годзе ўнеслі карэктывы ў планы пасадкі, – расказала Людміла Мітрафанаўна. – Калі ў мінулыя гады саджалі па восем гатункаў бульбы, то цяпер пакінулі толькі чатыры. Вырашылі, што гэтак будзе лягчэй капаць, захоўваць і перабіраць. Пакінулі сярэдняспелыя сарты “брыз”, “скарб”, “маніфест” і “зорачка”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *