У Башнях і Лескавічах стала чысцей
9 красавіка прайшла сусветная экалагічная акцыя “Зробім”. Яна з’яўляецца часткай сусветнай кампаніі Let’s Dolt – World Clean-up-2016 (“Зробім – Глабальная ўборка-2016”).
Акцыя бярэ свой пачатак у 2008 годзе ў Эстоніі. Тады прыкладна 50 тысяч чалавек у адзін дзень выйшлі прыбіраць смецце. Беларусь жа ўпершыню стала ўдзельніцай акцыі ў 2012 годзе. Прыняць удзел у акцыі можа любы ахвотнік.
Да акцыі далучыліся і мы, удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Спадчына” Башнёўскай СШ. Вучні 8, 10 і 11 класаў прынялі ўдзел у ачыстцы берагоў возера Будавесць, панскага саду ад смецця. Да нас прымкнулі і сем’і мясцовых дачнікаў Кібісавых, Пузанковых, Шчарбінкоў. Прыбралі кавалачак прыроды каля нашага прыгожага возера. Прыемна, што экалагічныя акцыі для Башнёўскай школы становяцца традыцыйнымі. І хочацца, каб берагі нашага возера заставаліся такімі ж чыстымі, як пасля правядзення гэтай акцыі.
Таццяна Яўсейчык, вучаніца 10 класа Башнёўскай СШ.
* * *
Не засталіся ўбаку і вучні раённай гімназіі. Падчас акцыі “Зробім!” гімназісты вырашылі ачысціць ад смецця пляж на Лескавіцкім возеры і лясны масіў ля раённай гімназіі.
Пара гадзін працы – лес і пляж вабяць парадкам і дагледжанасцю, а сабранае смецце – 25 пакетаў па 30 літраў – напамін пра тое, як не трэба сябе паводзіць на прыродзе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 30 ад 15.04.2016 г.