“Не ўпусціць вільгаць”
У канцы мінулага тыдня ўсе гаспадаркі раёна прыступілі да сяўбы яравых зерневых і зернебабовых. У пятніцу мы пабывалі ў КУСГП “Ульскі”. За вёскай Рыпіншчына работы вяліся ў комплексе – механізатары аралі, рыхтавалі глебу. Землі ля Дзвіны лёгкія і сухія.
“Галоўная задача на прыдзвінскіх палетках – не ўпусціць вільгаць. Чым раней пасееш – тым лепш, інакш насенне перасохне”, – расказалі мясцовыя механізатары. Уладзімір Прыгун за паўтара дзясятка гадоў работы ў гаспадарцы бачыў розныя глебы, сеяў разнастайныя яравыя культуры. Сёлета на сваім пасяўным агрэгаце (працуе на ім пяты сезон) засявае за дзень да трыццаці гектараў ячменю. “Працуем з шасці гадзін раніцы і да цёмнага, – расказаў Уладзімір Антонавіч. – Тэмпы і маштабы палявых работ для нас прывычныя. Ведаем, што ад руплівасці на веснавых палетках залежыць ураджай, а, значыць, дабрабыт гаспадаркі”.
Сяргей Агафонаў – малодшы калега Уладзіміра Прыгуна. Ён працуе з сеялай СЗУ-3,6. Але і такі агрэгат на невялікіх палетках запатрабаваны. Сяргей расказаў, што ўжо адсеялі палеткі ў Чэрчыцах і ў пачатку Рыпіншчыны, што не перашкодзіў бы і дождж пасля пасеву. І “нябесная канцылярыя” нібыта пачула словы механізатара і блаславіла ў другой палове дня дожджыкам.
Дырэктар КУСГП “Ульскі” В. У. Лабейка хваліла сваіх работнікаў за стараннасць і адказнасць, адзначыла, што ў “Ульскім” хапае сваіх механізатараў, памочнікі не патрэбны. “Нам патрэбна засеяць 650 гектараў зерневых, 150 га рапсу, 250 га кукурузы, – расказала Валянціна Уладзіміраўна. – Прыдзвінскія палеткі адсеем хутка, потым пераедзем на обальскія землі. Стараемся стварыць для механізатараў усе ўмовы для работы. Падвозім на поле гарачыя абеды, якія для нашых працаўнікоў бясплатныя”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №29 ад 12.04.2016 г.