“Уладзімір Мулявін: рускі па крыві, беларус – сэрцам”

Культура

“Уладзімір Мулявін: рускі па крыві, беларус – сэрцам”
Сёлета работнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея разам з раённай ветэранскай арганізацыяй распрацавалі новы культурна-асветніцкі праект “Народная крыніца”, у рамках якога на працягу года будуць праводзіцца вечары-партрэты, вечары-юбілеі, розныя выставы і конкурсы, а таксама мерапрыемствы, прысвечаныя Году культуры і дзяржаўным святам.
У мінулую суботу, 2 красавіка, удзельнікі праекта “Народная крыніца” сабраліся ў музеі з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Ветэраны падрыхтавалі выставу ўласных карцін, вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. А жыхарка райцэнтра А. Л. Казлоўская да свята каляровымі ніткамі вышыла карту Беларусі і Расіі, на якой пераплецены чырвона-зялёныя  і бела-сіне-чырвоныя каласы (сімвалы Беларусі і Расіі) – доказ адзінства і непарыўнай дружбы дзвюх краін.
Работнікі гісторыка-краязнаўчага музея правялі цікавае мерапрыемства пад назвай “Уладзімір Мулявін: рускі па крыві, беларус сэрцам”. Гэты год быў бы для Уладзіміра Мулявіна юбілейным: у студзені яму б споўнілася 75 гадоў. Але лёс распарадзіўся інакш: у 2003 годзе народнага песняра не стала. Па ўсёй Беларусі сёлета праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя памяці народнага артыста СССР і Беларусі. Вось і ветэраны Шуміліна сабраліся, каб ушанаваць памяць артыста.
Старшы навуковы супрацоўнік музея Мікалай Стальмакоў расказаў прысутным біяграфічныя звесткі Уладзіміра Мулявіна.  Кіраўнік знакамітага беларускага ансамбля сам быў родам з Расіі (нарадзіўся ў Свярдлоўску), службу ў радах Савецкай Арміі праходзіў ля Мінска. Будучы ў вайсковай часці, Уладзімір Мулявін стварыў вакальны квартэт, які потым перарос у “Песняры”.
Праўда, ансамбль, які быў створаны ў 1968 годзе, спачатку называўся “Лявоны”. Але вершы Янкі Купалы так натхнілі Уладзіміра Мулявіна, што ён купалаўскае слова “пясняр” узяў за назву свайго ансамбля. Увогуле Мулявін вельмі цікавіўся беларускімі народнымі песнямі, легендамі і спецыяльна вучыў беларускую мову – хацеў разумець кожнае слова ў вершах Купалы і Коласа. Адным словам,  быў рускі па крыві, а беларус –  сэрцам. Дзякуючы “Песнярам”, беларускае слова гучала на ўвесь свет. Ансамбль запрашалі выступаць нават у Амерыку – і там удзячныя гледачы апладзіравалі “Песнярам” стоячы.
Увазе ветэранаў былі прадстаўлены відэазапісы 70-х гадоў, калі Уладзімір Мулявін разам з Алай Пугачовай спяваў песню “Бярозавы сок”. Слухалі і іншыя вядомыя песні ансамбля. Не толькі слухалі, але і спявалі, бо менавіта з рэпертуарам песняроў былі звязаны маладыя гады многіх з прысутных на мерапрыемстве. Некаторыя ветэраны згадалі, як яны, будучы студэнтамі, хадзілі на канцэрт тады яшчэ не вельмі вядомага ансамбля “Лявоны”, як па пласцінках слухалі “Волагду”, “Ты мне вясною прыснілася” і многія іншыя песні.
Мерапрыемства атрымалася цікавым, насычаным і карысным.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №28 ад 08.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *