Вольга Бяляева: “Зараз я адчуваю сябе гарманічна”

Актуалии Образование

“Зараз  я  адчуваю  сябе  гарманічна”
10 год таму маладым спецыялістам у толькі што адкрытую раённую гімназію прыйшла працаваць настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Бяляева. Зараз гэта аўтарытэтны педагог са сваімі падыходамі ў рабоце, са сваімі поглядамі на прафесію і на жыццё наогул, якімі яна і падзялілася з намі ў інтэрв’ю.
–  Вольга, а кім ты марыла стаць у дзяцінстве?
– Спачатку я марыла быць цырульнікам, потым вельмі хацела шыць вопратку. Але высветлілася, што для таго, каб вывучыцца на цырульніка ці дызайнера, спачатку трэба пайсці ў ПТВ. Ведаеш, мама мяне проста не пусціла, так і сказала, што з медалём у вучылішча ісці нельга. Вось так (смяецца) былі на корані знішчаны ўсе мае рамантычныя ідэі.
– Ці сустрэўся табе настаўнік, якога ты і сёння ўспамінаеш з удзячнасцю?
– І па жыцці, і ў выбары прафесіі я вельмі ўдзячная Таццяне Міхайлаўне Галаўнёвай, Раісе Якаўлеўне Рачкоўскай – яны выкладалі рускую мову. Вось глядзела я на іх, глядзела і падумала, а чаму б не пайсці ў настаўніцы. Мовы ў мяне ішлі добра, яшчэ вельмі любіла гісторыю, але гледзячы на гэтых жанчын, усё ж зрабіла выбар на карысць рускай мовы і літаратуры.
– Ці было такое, што твае ўяўленні пра работу настаўніка нейкім чынам змяніліся, калі ты сама стала настаўніцай?
– Прыкладна так, як і ў многіх: забудзьце ўсё тое, пра што вам гаварылі ва ўніверсітэце. Тым больш, што я адразу трапіла ў гімназію, дзе заведама больш высокі ўзровень. Тады здавалася, што прафесія намнога цяжэй, чым я пра яе думала. І ў такі час вельмі важна, каб побач аказаўся чалавек, які будзе дапамагаць і накіроўваць. У гэтым сэнсе я вельмі ўдзячная былому дырэктару гімназіі Святлане Анатольеўне Сільчанцы. Пасля ўніверсітэта – гэта другі мой універсітэт. Таксама побач працавалі вопытныя настаўнікі, такія, напрыклад, як Алена Уладзіміраўна Васілеўская, у якой я таксама вельмі многаму навучылася.
– Цяпер, калі за плячыма 10 год,  ад былых страхаў і сумненняў, думаецца, няма і следу.
– Так, цяпер я разумею, што мне трэба рабіць і як. Прызнаюся, што зараз у прафесіі я адчуваю сябе даволі гарманічна.
– Твае вучні часта становяцца пераможцамі раённых і абласных алімпіяд. Назаві тры галоўныя фактары поспеху.
– Наогул, варта пачаць з таго, што па рускай мове алімпіяда вельмі складаная. Умяшчаючы ў сябе тры этапы, яна правярае намнога большую колькасць ведаў, чым патрабуе прадмет. Трэба быць начытаным, эрудзіраваным, мець шырокі кругагляд і багаты лексічны запас. Дык вось, першае – трэба жаданне самога вучня; другое – пастаянная работа з настаўнікам; ну, і карпатлівая нястомная самастойная работа.
– А як жа нейкія перадавыя тэхналогіі?..
– Не, у гэтым сэнсе я кансерватыўна працую.
– Вучыш-вучыш дзяцей, а бывае адчуванне: сапраўды навучыла, гонар нейкі за работу, аддача?
– Вядома. Калі, напрыклад, 90 балаў па тэсціраванні вучань атрымлівае. А рускую ці беларускую, заўважу, здаюць усюды і на ўсіх узроўнях. Нашы вучні наогул нядрэнна здаюць тэсціраванне, і канешне, прыемна, калі праца прыносіць добры вынік.
– Калі твой вучань захоча стаць настаўнікам?..
– Я не буду яго адгаворваць. Ва ўсялякім разе ён заўжды будзе працаўладкаваны. І потым, настаўнік атрымлівае класічную акадэмічную адукацыю, а таму можа знайсці сабе прымяненне і ў нейкай іншай сферы. Дарэчы, з 90 выпускнікоў гімназіі 30 пайшлі ў педагагічныя ВНУ.
– Бывае так, што ты нечаму вучышся ў дзяцей, нешта бярэш для сябе ад гэтых узаемін?
– Пастаянна: і вучу, і вучуся. Яны цікавыя суразмоўцы, прымушаюць на некаторыя рэчы глядзець па-іншаму. Напрыклад, пры разборы твора на ўроку.
– А павінен настаўнік быць сучасным, ці галоўнае ўсё ж – веданне прадмета?
– Пажадана, каб два ў адным. Сучасны настаўнік павінен пастаянна вучыцца. Прадмет таксама не стаіць на месцы, там таксама ёсць навіны, новыя тэндэнцыі. Настаўнік абавязаны быць чалавекам эпохі, касцянець нельга. А наогул, чалавек у любым выпадку павінен развівацца, якой бы прафесіяй ён не займаўся.
– А на паспяховасць вучняў імідж настаўніка ўплывае?
– Ну, не ведаю. Магчыма, і так. Калі вобраз настаўніка прыемны, то і на ўроку вучню прыемна знаходзіцца. Настаўнікі ж – заўжды псіхолагі, і яны павінны любымі сіламі ствараць на ўроку станоўчую сітуацыю.
– А ты б хацела быць дырэктарам школы?
– Ніколі ў жыцці. Я нават завучам быць не хачу. Кожны павінен займаць сваё месца: нехта таленавіты кіраўнік, а іншы таленавіты выканаўца. Я, напэўна, выканаўца. Ва ўсялякім разе, кіраваць у мяне дакладна жадання няма.
– А што такое мудрасць, і што значыць, быць мудрай жанчынай, і ці можаш ты сябе назваць мудрай жанчынай?
– Не, я схільная да неабачлівых, неабдуманых учынкаў, я, наогул, імпульсіўны чалавек, пра такіх звычайна кажуць: спачатку робіць, а потым пачынае думаць. Не, я пакуль яшчэ да мудрай жанчыны не дацягваю. Мудрасць, напэўна, – гэта вопыт. Мне так здаецца. Мудры чалавек – вопытны чалавек. У гэтым сэнсе ў мяне ўсё яшчэ ўсё толькі наперадзе.
– А якой павінна быць сапраўдная жанчына?
– Шчаслівай!!! Адны знаходзяць шчасце ў сям’і і дзецях, іншыя – у працы,  у хобі, у мужчынах. Але шчасце – абавязковая прыкмета сапраўднай жанчыны.
– Чым ты займаешся ў вольны час?
– Я шмат чытаю, часцей за ўсё – класіку. Чытаю, перачытваю зноў і зноў: дзякуй прафесіі. І трэба перачытваць, бо твор заўжды раскрываецца па-новаму. Булгакава чытаю з задавальненнем, Чэхава люблю.  Ну, і наогул, у мяне традыцыйныя жаночыя хобі. Люблю шыць, але часу на гэта амаль не застаецца.
– Шыць? Не можа быць, а мне здавалася, што я добра цябе ведаю…
– У старэйшых класах я вучылася ў вучэбна-вытворчым камбінаце, там і захапілася. Я і на выпускны шыла сукенку сама. Ва ўніверсітэце магла дазволіць сабе і нешта экстравагантнае, у мяне нават пыталіся, ці не на мастацка-графічным факультэце я вучуся. І зараз, калі я купляю гатовыя ўборы, я заўжды падганяю іх пад сябе. Мяне радуе, што я магу гэта рабіць сама.
– Ну, вядома, з гэткай таліяй без падгонкі не абысціся… Дарэчы, пра талію: спорт, харчаванне, генетыка?
– Няма ў мяне цягі да спорту, а зарадку я, наогул, ніколі не рабіла. У дзяцінстве займалася валейболам. Нейкі час, ужо працуючы настаўніцай, хадзіла на ёгу. Але я не ем шмат, ёсць прадукты, якія я ніколі не ўжываю. Да мучнога раўнадушная. Салодкае люблю: цукеркі, зефір, мармелад. Вечарам за пару гадзін да сну, вядома, таксама не ем. Ну, як і многія жанчыны.
– А ёсць нешта, што прыходзіцца прымушаць сябе рабіць?
– Трэба падумаць. Бывае, што прымушаю сябе да ўзаемін з людзьмі, уступаць у зносіны з якімі мне не хочацца. Хаця ў прынцыпе я люблю людзей.
– Як ты адпачываеш?
– Я люблю пасіўны адпачынак. Калі гэта доўгачаканае лета пасля навучальнага года, то хочацца проста легчы і ляжаць, каб ніхто цябе не чапаў. Гуляць у добрае надвор’е – выдатны адпачынак. Люблю канцэрты і выставы, добрыя фільмы. Гэта добрая падтрымка духоўных сіл. Заўжды павінна быць нешта, што натхняе.
– А я якраз збіралася спытаць, што натхняе Вольгу Бяляеву.
– Мяне натхняюць людзі, прыгожыя, цікавыя. Бывае, пагаворыш з некім, і ведаеш, як у Маякоўскага: “И стоило жить, и работать стоило”. Адразу хочацца нешта рабіць. Люблю адкрываць нешта новае ў людзях. Заўжды стараюся максімальна ўзяць ад зносін. Гэта развівае. Музыка натхняе. А ў апошні час, як гэта ні дзіўна, слухаю Гарыка Сухачова. І кніга можа натхніць. І наогул, ніколі не ведаеш, дзе знойдзеш гэта самае натхненне.
Вось такая прыемная атрымалася гутарка з маёй даўняй прыяцелькай Вольгай, цяпер ужо – Вольгай Мікалаеўнай Бяляевай.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 01.04.2016 г.



2 комментария по теме “Вольга Бяляева: “Зараз я адчуваю сябе гарманічна”

  1. Хороший педагог? Наверно. Но почему я должен верить корреспонденту? Почему она, а не, скажем, Василевская? Потому что 10 лет? Но таких в районе много. Нет обоснования. Успехов!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *