Преподаватели Витебской ветакадемии провели семинар для шумилинских аграриев

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Даглядаць, карміць, даіць – па тэхналогіі

На мінулым тыдні для спецыялістаў райсельгасхарчу, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, заатэхнікаў, ветурачоў, загадчыкаў фермаў, работнікаў племстанцыі і райветстанцыі быў праведзены семінар-вучоба. Вучобу правялі загадчыкі кафедраў і выкладчыкі Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
У пачатку мерапрыемства выступіў начальнік райсельгасхарчу В. Ц. Мянькоў. Васіль Цімафеевіч гаварыў пра важнасць такой вучобы, пра павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, пра дысцыпліну на вытворчых аб’ектах.
Аб прадукцыйнасці буйной рагатай жывёлы і фізіялогіі стрававання расказаў дацэнт кафедры фізіялогіі ветакадэміі У. У. Каўзоў. Уладзімір Уладзіміравіч звярнуў увагу на частыя памылкі, якія можна назіраць у некаторых гаспадарках вобласці. Так, некаторыя спецыялісты ўпэўнены: чым драбнейшы корм, тым лепш. Гэта памылковая думка: пры моцна здробненым корме пры адсутнасці вады каровы пачынаюць хварэць на страўнік. Так, ад кармлення каровы залежыць якасць і колькасць малака, а таксама імунітэт жывёлы.
Разглядалася пытанне кармлення няякаснымі кармамі. Выкладчыкі ветакадэміі адзначылі, што ў ЗША даўно зрабілі стаўку на бабовыя, на кукурузу і якасныя канцэнтраты. А чаму б вопыт не пераняць і гаспадаркам Шумілінскага раёна?
У. У. Каўзоў расказаў пра мінусы скучанага ўтрымання цялят: хворы заражае здаровага. Ідэальнае ўтрыманне маладняку – у асобных клетках ці боксах. Там і дэзінфекцыю лёгка правесці, і напаіць цялят малодзівам у першую гадзіну жыцця.  Лекцыю аб прымусовым выпойванні цялят праз дрэнчары прачытаў прафесар загадчык кафедры ўнутраных незаразных хвароб ветакадэміі А. П. Курдэка. Наколькі вядома, дрэнчары ў нашым раёне закуплены на кожную ферму. Аднак далёка не ўсе жывёлаводы навучыліся імі карыстацца. А тыя 3-4 літры малодзіва (10% ад масы цела ), што цяля павінна атрымаць пасля нараджэння, іншы раз ратуюць яму жыццё. Аляксандр Паўлавіч прывёў прыклады такіх гаспадарак Віцебскага раёна, як “Альгоўскае”, “Рудакова”, “Мазалава”, дзе даўно выкарыстоўваюць дрэнчары і дзе захворваемасць цялят значна знізілася. “Карыстацца гэтымі прыладамі павінны ўмець і заатэхнікі, і ветурачы, і кожная даярка, – адзначыў А. П. Курдэка. – Ад іх усіх залежыць захаванасць маладняку. І калі кожны будзе старацца даглядаць, карміць, паіць па тэхналогіі – будзе вынік”.
Пра тэхналогію машыннага даення і элементарныя памылкі ў ёй расказаў дацэнт кафедры тэхналогіі вытворчасці механізацыі жывёлагадоўлі ветакадэміі А. У. Ганчароў (на здымку). Аляксандр Уладзіміравіч гаварыў пра важнасць такіх працэдур, як падмыванне і масаж вымя, здойванне першых кропляў малака ў конаўкі. Важнае значэнне мае  і правільнае падключэнне даільнага апарата, і пачатак даення (ад санітарнай апрацоўкі вымя павінна прайсці 20 секунд, у адваротным выпадку аддача малака будзе няпоўнай).
Выкладчыкі ветакадэміі вучылі, як правільна і своечасова мяняць дэталі з гумы ў даільных апаратах. На жаль, з гэтым у раёне ёсць праблемы. Многія кіраўнікі гаспадарак, стараючыся сэканоміць, не выдзяляюць грошы на рамонт даільных апаратаў, адзначыў В. Ц. Мянькоў. У выніку з-за неэфектыўнага даення жывёла хварэе на мастыты: 3-4 гады лактацыі, і карова становіцца ялаўкай. У выніку гаспадаркі губляюць больш, чым эканомяць.
Як расказалі спецыялісты райсельгасхарчу, такая вучоба ў нашым раёне плануецца праходзіць сістэматычна. У прыватнасці, першы намеснік райсельгасхарчу А. М. Пытко запрасіў выкладчыкаў ветакадэміі праз тыдзень наведаць некаторыя фермы гаспадарак нашага раёна. Ну, а ў наступны раз падрыхтаваць лекцыю з канкрэтнымі прапановамі, як можна павысіць надоі і прадукцыйнасць жывёлагадоўлі на Шуміліншчыне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *