Бухгалтар-“камбінатар”
Згодна з дзеючым заканадаўствам аб парадку вядзення бухгалтарскага ўліку вызначана, што бухгалтарскі ўлік і справаздачнасць заснаваны на прынцыпах праўдзівасці, паўнаты і супараўнальнасці. Бухгалтар ТДА “ДзівесПартнёр” з Полацка супаставіла свае жаданні і магчымасці і вырашыла, што можна адмовіцца ад некаторых прынцыпаў.
Так яна і зрабіла. Валодаючы электроннымі ключамі, правяла серыю бухгалтарскіх аперацый па пералічэнні грашовых сродкаў за транспартныя паслугі, за прадукты харчавання (пры адсутнасці такіх) з разліковага рахунка аднаго прадпрыемства, дзе працавала галоўным бухгалтарам, на разліковы рахунак другога, дзе таксама падзарабляла ў якасці бухгалтара. У выніку няхітрых маніпуляцый грашовымі сродкамі пералічыла сабе на карт-рахунак 106 мільёнаў рублёў.
Кіраўнікі двух суб’ектаў гаспадарання ніяк не маглі рашыць “рэбус”: як пры адсутнасці дагаворных адносін яны аказаліся даўжнікамі адзін перад адным? Загадку дапамаглі разгадаць супрацоўнікі Полацкага міжраённага камітэта дзяржкантролю і Наваполацкага аддзела фінансавых расследаванняў.
Вынік дзейнасці “камбінатара” заканамерны: крымінальная справа і расследаванне. Канчатковая кропка будзе пастаўлена ў судзе.
Знізіць выдаткі магчыма
У мэтах забеспячэння выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы пра зніжэнне выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі спецыялісты Аршанскага міжраённага КДК удзялялі асаблівую ўвагу аналізу эфектыўнасці і абгрунтаванасці расходаў, што ўваходзяць у склад сабекошту паслуг. Як паказваюць праверкі, прадпрыемствы ЖКГ не ўлічваюць той факт, што ў іх ёсць рэзервы павышэння эфектыўнасці выдаткаў і росту даходаў, а свае невытворчыя расходы яны перакладваюць на бюджэт і насельніцтва.
Так, ацэньваючы рацыянальнасць выдаткаў па зборы і вывазе камунальных адыходаў у КУП “Аршанская спецаўтабаза”, кантралёрамі зроблена выснова пра залішнюю колькасць у прадпрыемства спецыяльнай камунальнай тэхнікі і яе неэфектыўнае выкарыстанне.
Зараз у спецаўтабазы для вывазу цвёрдых камунальных адходаў маецца 45 адзінак транспартных сродкаў (смеццявозаў, самазвалаў і грузавікоў) агульнай грузападымальнасцю 178 тон. Аднак у 2015 годзе ў сярэднім штодзень на палігоны вывозілася да 90 тон адходаў, пры гэтым значная частка рэйсаў выконвалася з загрузкай ад 30 да 50 працэнтаў грузападымальнасці транспартнага сродку. На думку спецыялістаў КДК, толькі за кошт прывядзення колькасці транспартных сродкаў у адпаведнасць з іх патрэбнасцю (зыходзячы з фактычнага накаплення адходаў) і забеспячэння іх эфектыўнага выкарыстання можна скараціць выдаткі па зборы і вывазе ЦБА як мінімум на 18%.
Таксама немалаважнымі з’яўляюцца меры па павелічэнні даходаў прадпрыемства. Сёння дагаворамі на вываз адходаў не ахоплена 25 тыс. чалавек, ці 16% насельніцтва Аршанскага раёна, гарадоў Орша і Барань, у выніку чаго недаатрыманы мільярды рублёў выручкі, павялічана нагрузка на бюджэт і частку насельніцтва, якія заключылі дагаворы на вываз адходаў.
Кантроль за забеспячэннем зніжэння выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі працягваецца.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2016 г.