Районная Доска Почёта

Актуалии Общество

Па   дарозе  бацькі
На раённую Дошку гонару занесена імя вядучага ўрача-эпізаатолага райветстанцыі Надзеі Іванаўны Івановай.
Колькі сябе помніць Надзея Іванаўна, яе жыццё было звязана з жывёлай. Калі з бацькамі жыла ў Пастаўскім раёне, у другой палове іх дома была размешчана ўчастковая ветлячэбніца. І каго там лячылі (сабак, кошак ці свіней), дзяўчынка даведвалася адной з першых, бо цікавілася ў бацькі, які працаваў ветурачом. “Бывала, вылечыць карову ці парася і не можа стрымаць сваёй радасці, – згадвае Надзея Іванаўна. – Расказвае, а вочы  ў яго так і свецяцца, нават і іскрацца радасцю. Гэтыя шчаслівыя вочы запомніла на ўсё жыццё”. Напэўна, таму і пайшла вучыцца ў ветакадэмію. Гэткі ж шлях выбрала і родная сястра Алена.
У пачатку 70-х сям’я пераехала на Шуміліншчыну. Бацька, Іван Фёдаравіч Фокін, працаваў галоўным ветурачом раёна. Студэнтцы Надзеі вучоба давалася лёгка. Падказваў у нечым і бацька – ветурач з багатым стажам.
Хутка будзе трыццаць гадоў, як працуе Н. І. Іванова ў райветстанцыі. “Галоўная мая задача – прафілактыка заразных хвароб інфекцыйнага характару, – гаворыць яна. – Кантралюю вакцынацыю жывёлы, складаю планы-графікі”. Надзея Іванаўна – правая рука ветурачоў і ветфельчараў гаспадарак.
Апошнім часам у сувязі з рознымі заразнымі хваробамі Н. І. Івановай прыбавілася работы: трэба паклапаціцца аб прафілактыцы птушынага грыпу, сібірскай язвы ці афрыканскай чумы. А ў час водпуску ветурачоў Надзея Іванаўна падмяняе іх на дзяжурствах, лечыць жывёлу ў прыватным сектары, дапамагае хворым сабакам, катам і папугаям…
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №21 ад 22.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *