Техосмотр: первые результаты выявили недостатки

Сельское хозяйство

таких прицепов без номера, как в ОАО "Лежни", быть не должно

Ці паспеюць падцягнуцца?
Тэхагляд на сельгаспрадпрыемствах раёна сёлета пачаўся ў пачатку сакавіка. Першымі трымалі справаздачу ў СФГ “Крыніца”. Праўда тут была падрыхтавана да тэхагляду ўсяго палова трактароў, затое да прычэпаў у начальніка раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду С. М. Пантаплёва практычна не было прэтэнзій.
Далёка не ўся тэхніка была падрыхтавана ў “АграБаравінцы”. Больш пастараліся ў Язвіне. Тут энерганасычаныя трактары стаялі ў арачніках, у майстэрні цёпла – працуе цеплагенератар. Ды і тэхніка вымытая, механізмы і вузлы змазаныя і пафарбаваныя. На жаль, гэтага не скажаш пра аддзяленне Башні. Беспарадак на мехдвары, у некаторых трактарах падцякае масла. Быццам бы і не ведалі механізатары, што ў сакавіку будзе тэхагляд.
А вось ў СВК “Прыазёрны мір” парадавалі падрыхтоўкай тэхнікі. Асабліва ў майстэрні Маркава. “Малайцы механізатары, вельмі пастараліся, – пахваліў в. а. начальніка дзяржаўтаінспекцыі М. У. Гаралевіч, які прысутнічаў на тэхаглядзе. – На такі мехдвор нават не сорамна запрашаць правяраючых з вобласці: навокал парадак, тэхніка спраўная і чыстая”. Крыху горш падрыхтаваліся да тэхагляду ў майстэрні ў Войлавічах, хаця ўмовы для работы тут створаны лепшыя. На кожны трактар закупілі вогнетушыцелі. На жаль, такой “раскошай” могуць пахваліцца далёка не ва ўсіх гаспадарках.
А вось у ААТ “Ляжні” ў сакавіку паспелі прайсці тэхагляд двойчы. Справа ў тым, што першы раз не былі гатовыя да яго ні інжынерная служба, ні механізатары. Тут нават на адным з прычэпаў да МТЗ не было рэгістрацыйнага нумара, за што работнікі дарожна-патрульнай службы склалі на механізатара адміністрацыйны пратакол. Праз тыдзень недахопы выправілі: прычэп і кормараздатчык былі зарэгістраваны ў раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду. Пры падрыхтоўцы да паўторнага тэхагляду “Ляжні” знайшлі магчымасць і грошы, каб купіць новыя аптэчкі на трактары. Палова трактароў і прычэпаў у “Ляжнях” гатова выехаць у поле.
Значна больш праблем у “Сіроцінскім”: з 21 прадстаўленага трактара тэхагляд тут прайшлі толькі восем. Начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду напісаў прадпісанне: за бліжэйшы тыдзень выправіць непаладкі. А ўвогуле адзначаны агульныя недахопы па тэхаглядзе ў многіх гаспадарак раёна: няспраўнае электраабсталяванне, пратэрмінаваныя страхоўкі, адсутнасць вогнетушыцеляў, непрацуючыя габарыты. Здаецца, дробязі, але менавіта ад іх часам залежыць бяспека на дарозе.
Тэхагляд у раёне не закончыўся. Толькі вось часу на падрыхтоўку засталося вельмі мала. Ці паспеюць ў гаспадарках падцягнуцца?
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №21 ад 22.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *